Дэпард’ё не хоча беларускага грамадзянства



Французскі акцёр Жэрар Дэпард’ё не плануе атрымліваць беларускага грамадзянства. Пра гэта «Рускай службе навінаў» заявіў яго прадстаўнік Арно Фрыле.

«У яго расейскае грамадзянства, французскае грамадзянства – і так усё добра. Беларусь – іншая краіна, і тут ён знаходзіцца па працы. Тут у нас шмат праектаў, зараз мы здымаем вялікі тэлесерыял, а потым будзем здымаць кіно ў Расеі», – растлумачыў ён.

Такім чынам Фрыле пракаментаваў інтэрв’ю Дэпард’ё часопісу Le Figaro, у якім той распавёў, што хацеў бы пажыць у Беларусі «сярод сялян». Артыст таксама прызнаваўся, што яму імпануе прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Дэпард’ё наведаў Беларусь у ліпені гэтага года. Падчас паездкі ён папарыўся ў лазні і пакаштаваў стравы беларускай кухні, а таксама сустрэўся з Лукашэнкам, які навучыў акцёра правільна касіць траву ручной касой.