Дэпутат Канапацкая: Затрыманні журналістаў супрацьзаконныя



У Воршы затрыманая здымачная група тэлеканала „Белсат” — карэспандэнт Кацярына Андрэева і аператар Аляксандр Баразенка.

Пасля акцыі супраць дэкрэта № 3, якая сабрала каля тысячы чалавек, яны накіроўваліся ў Аршанскі РАУС, куды быў дастаўлены затрыманы раней палітык Павел Севярынец. Журналісты паведамілі праваабаронцам, што ў дачыненні да іх складаюць адміністрацыйныя пратаколы. Паводле інфармацыі сайта тэлеканала „Белсат”, Баразенку адпусцілі праз гадзіну, Андрэевай пагражаюць арыштам на 15 сутак. Паведамляецца таксама, што ў РАУС прыбылі суддзі.

Яшчэ раней пасля мітынгу ў Воршы былі затрыманыя пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, карэспандэнт „Радыё Свабода” Галіна Абакунчык і блогер Анастасія Пялюгіна.

Раніцай на аршанскім чыгуначным вакзале былі затрыманыя журналісты Адар’я Гуштын, Сяргей Гудзілін, Таццяна Мацвеева і Сяргей Серабро. Пасля праверкі асобы іх адпусцілі. Ва ўсіх журналістаў былі рэдакцыйныя пасведчанні.

belapan.by