Для беларускіх трансплантолагаў пабудуюць новы цэнтр?



За апошнія шэсць гадоў экспарт паслуг РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак павялічыўся ў 25 разоў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб стварэнні ў Беларусі асобнага новага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак.

Адпаведнае даручэнне ён даў 28 лютага, наведваючы цяперашні РНПЦ, які створаны на базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы. «Трэба паглядзець, колькі будзе каштаваць самы сучасны на перспектыву цэнтр», – сказаў Лукашэнка.

Заява кіраўніка краіны аб будаўніцтве новага цэнтра трансплантацыі выклікае два пытанні. За якія грошы? І чаму менавіта такога цэнтра, калі ў Менску хранічна не хапае месцаў у шпіталях?

Акрамя таго, даўно вядуцца размовы аб неабходнасці стварэння РНПЦ хірургіі.

«Адсутнасць рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі – галоўная перашкода да далейшага развіцця высокіх тэхналогій у хірургіі і анестэзіялогіі», – казаў кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо, выступаючы ў мінулым годзе на з’ездзе анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў.

У такой сітуацыі магчымым тлумачэннем ўвагі кіраўніка дзяржавы да РНПЦ трансплантацыі можа быць жаданне павялічыць яго экспартныя магчымасці, гэта значыць яшчэ больш зарабляць на замежных пацыентах.

За апошнія шэсць гадоў экспарт паслуг РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак павялічыўся ў 25 разоў, 10% аперацый робяць замежным грамадзянам.

Сабекошт аперацыі па трансплантацыі ныркі складае ад 8 да 10 тысяч даляраў плюс яшчэ 5-8 тысяч даляраў неабходна на ўтрыманне хворага ў клініцы, перасадка печані каштуе 15 тысяч даляраў плюс 6 тысяч даляраў на пасляаперацыйныя выдаткі.

Для замежніка ж перасадка ныркі абыходзіцца ў 55 тысяч даляраў, печані – прыкладна ў 110 тысяч даляраў. Акрамя коштаў, перавагі Беларусі – у адсутнасці ўзроставых абмежаванняў і непрацяглай чарзе.

Напрыклад, у 2012 годзе былы кіраўнік службы ізраільскай знешняй разведкі «Масад» Мэір Дага прыехаў у Беларусь на перасадку печані, таму што на радзіме яму ў такой аперацыі з-за ўзросту (старэйшыя за 65 гадоў) адмовілі, а ў ЗША ці Германіі прыйшлося б вельмі доўга чакаць. Пасля аперацыі Мэір Дага пражыў яшчэ пяць з паловай гадоў.

Як сёння кіраўніку дзяржавы далажыў Алег Румо, РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак актыўна займаецца распрацоўкай і прасоўваннем новых тэхналогій, навучаннем і падрыхтоўкай перспектыўных кадраў. Ужо практычна ва ўсіх абласных цэнтрах функцыянуюць аддзяленні трансплантацыі.

Па паказчыку колькасці трансплантацый Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў СНД. А па выніках працы за 2016 год па ўзроўні развіцця органнага донарства краіна заняла 10-е месца ў свеце.

У Беларусі на адзін мільён жыхароў прыходзіцца 50 трансплантацый. «Гэтага гросмайстарскага паказчыка могуць дасягнуць не больш за 20 краін», – адзначыў Алег Румо.

naviny.by

Фота Прэс-службы прэзідэнта Беларусі