Дні сямейнай псіхалогіі ў Гародні



У Гародні прайшоў фестываль практычнай сямейнай псіхалогіі “Сонечны вецярок”. Кваліфікаваныя псіхолагі на працягу двух дзён праводзілі практычныя заняткі, якія тычыліся ўзаемаадносінаў у сям’і і адаптацыі дзяцей да навакольнага асяроддзя, што, па словах псіхолага Кацярыны Бучы, у сённяшняй рэчаіснасці з’яўляецца вельмі важным і неабходным:

– Дзейнічаў стэрэатып, які, дарэчы, і цяпер спрацоўвае: я да псіхіятра не пайду. Але мы не псіхіятры, а псіхолагі. Мы дапамагаем вучыцца ладзіць у сям’і, з іншымі людзьмі, вучыцца зносінам і зразумець, што яму патрэбна ад жыцця, чаго ён хоча. Дапамагаем таксама навучыцца расціць і выхоўваць здаровых дзетак.

Фестываль практычнай сямейнай псіхалогіі “Сонечны вецярок” быў арганізаваны гарадзенскім цэнтрам псіхалагічнай дапамогі “Па-Дзея”. Яго ўдзельнікамі сталі не толькі гарадзенцы, але і госці з Менска і іншых гарадоў Беларусі.У межах фестывалю адбылося некалькі дабрачынных акцый, ахвяраванні ад якіх будуць накіраваныя на дапамогу хворым дзецям з гарадзенскага хоспіса.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня