Доўгая смерць Слонімшчыны



Калі глянуць на мапу Слонішмчыны, то першае, што кідаецца ў вочы, – назвы вёсак, якія гучаць, як музыка: Мізгіры, Сурынка, Яруцічы, Вялікая і Малая Кракотка…

Яшчэ гадоў трыццаць-сорак таму вёскі гэтыя былі калі і не надта заможнымі, то даволі шматлюднымі. Цяпер жа Слонімшчына імкліва прыходзіць у заняпад. У некаторых вёсках насельніцтва скарацілася напалову, у некаторых – і на тры чвэрці. Большасць цяперашніх вяскоўцах – пенсіянеры, сустрэць там малых дзетак вельмі цяжка.

Наш карэспандэнт Марцін Война праехаўся па Слонімшчыне і пагутарыў з тамтэйшымі жыхарамі.

Вёска Рудаўка. Ці не палова хат – з закалочанымі шыбамі. Людзей на вясковай вуліцы амаль няма. Тыя, хто ёсць, баяцца гаварыць, а, пабачыўшы мікрафон, адразу ўцякаюць. Нарэшце, расказаць пра сваё жыццё згаджаецца адна спадарыня.

РР: А чаму ў вас так багата закінутых хат?

Спадарыня: Ды памерлі ўсе ўжо. Толькі некалькі чалавек засталося. Я, яшчэ некалькі… і ўсё.

РР: І што – моладзі ў вашай вёсцы зусім не засталося?

Спадарыня: Ды колькі тут маладых? Я… ну, і яшчэ колькі чалавек. Мо, тры-чатыры. І ўсё… Усе даўно з’ехалі ў горад, не засталося тут моладзі. Ёсць вёскі, дзе з горада прыязджаюць на лета да бабуль-дзядуль, але не ў нас. У нас тут пуста. Закінутая ў нас вёска. Я памятаю, у дзяцінстве, было ў нас ажно тры чаргі, каб кароваў выганяць пасвіцца. І ў кожнай – мо па сорак кароваў сама мала. На маёй памяці, калі лічыць з маіх шасці гадоў, а мне цяпер за сорак, то каля дзвюх соцень чалавек ужо тут памерла. А колькі народу тут да майго нараджэння было і колькі памерла – хто ведае?

РР: А ў якім узросце тут людзі паміралі?

Спадарыня: Ужо сталага веку… Хаця цяпер і моладзь таксама памірае. Ад алкаголю.

РР: Пілі тут багата?

Спадарыня: Хто яго ведае! Старыя людзі ў нас не “піячаць”, усё моладзь пераважна.

РР: А якая ў вас у вёсцы Рудаўка праца?

Спадарыня: Калгас. Больш нічога няма. Кароў даглядаць. Акурат з працы вяртаюся…

РР: А зарплаты якія?

Спадарыня: Тры міліёны. Больш тут не заробіш. Людзі выжываюць дзякуючы дзялкам.

Вёска Малая Кракотка ёсць далёка не на ўсіх мапах. Падчас вандроўкі па вясковых вуліцах я сустрэў тут толькі трох старых. Адзін з іх выявіўся гаваркім і нават запрасіў мяне ў хату.

Спадар: Як была наша вёска задрыпанай, так і засталася!  

РР: А ці багата ў вас у Малой Кракотцы людзей?

Спадар: Каго багата?! Ды лічы, што памерла наша вёсачка! Колькі ў нас тут людзей? Я ўжо – і тое стары, мне 64 гады. Тут, лічы, адныя бабкі засталіся, пенсіянеркі. Ім па 75, па 80 гадоў. А з маладых – я, сусед мой… і яшчэ адзін. Чатыры, пяць… ну, хай шэсць чалавек засталося! І двое мужчынаў засталося, ім таксама па 80 гадоў. Пенсія ў мяне – два міліёны з нейкай драбязою… У некаторых і такога няма.

РР: А ці ёсць у вас нейкая крама?

Спадар: У Верхняй Кракотцы – так, ёсць крама. А да нас аўталаўка прыязджае. У Рудаўцы краму зачынілі, там адныя пенсіянеры.

РР: А калі, крый Божа, нехта з вас захварэе, што тады? Паліклінікі і дактароў тут жа няма!

Спадар: У Вялікай Кракотцы ёсць фелчар. У Мяжэвічах – шпіталь. У Азярніцы ўжо зачынілі. Тамака толькі нягеглыя бабкі засталіся. Так што калі захварэеш – выклікай “хуткую” ці з Мяжэвічаў, ці з самога Слоніма.

РР: Але ж, пэўна, доўга едзе тая “хуткая”? Так і памерці можна…

Спадар: Са Слоніма – сорак хвілін машына ідзе. Бацька мой так памёр. Захварэў, цэлы дзень стаяў, выглядаў тую “хуткую”. Прыехала доктарка, зрабіла бацьку ўкол… І памёр ён, бо запозна зрабіла.

РР: А што трэба зрабіць, каб вёска не памірала?

Спадар: Што зрабіць… Ды нічога ты ўжо тут не зробіш…

Дэмографы падлічылі, што калі бліжэйшым часам у беларускай вёсцы нічога не зменіцца, то некаторыя раёны нашай краіны цалкам абязлюднеюць у бліжэйшыя сорак-пяцьдзясят гадоў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара