Двухмоўе па-гарадзенску (фотафакт)



Якая рэальная моўная сітуацыя склалася зараз на гарадзенскім тэлебачанні выразна відаць з уваходнай шыльды гэтай тэлерадыёкампаніі. На будынку тэлерадыёкампаніі Гродна па вуліцы Горкага, дзе гістарычна размяшчаюцца мясцовыя дзяржаўныя тэлебачанне і радыё, красуецца інфармацыйная дошка з падвойным расейскамоўным тэкстам.

Не знайсці беларускай мовы і на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы тэлерадыёкампаніі. У праграме асноўнага тэлеканалу пазначаны толькі дзве беларускамоўныя праграмы – „ЛітАратар” і „У пошуках скарбу”. На „кнопцы” „Гродно плюс” ёсць яшчэ адна аўтарская перадача па-беларуску – дарэчы, вельмі змястоўная і густоўная музычная праграма „Зоркі вінілу”.

Варта прыгадаць, што яшчэ ў канцы 1990-ых гарадзенскае тэлерадыёаб’яднанне вяшчала па-беларуску. Потым пачалася русіфікацыя, якую з 2002-га году мэтна вёў спярша новы прызначаны кіраўнік тэлерадыёаб’яднання Владимир Перцов (цяпер дырэктар прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі „Мир” у Беларусі), а працягваў яго наступнік Николай Мельяченко. У выніку на гарадзенскім тэлерадыёаб’яднанні амаль не засталося беларускай мовы.

Беларускае Радыё Рацыя