Дыскусія пра ўдзел беларусаў у канфлікце ва Украіне



Беларусы, якія едуць ваяваць ва Украіну – гэта героі ці злачынцы? Ці павінна дзяржава іх караць? Як ставіцца да добраахвотнікаў, якія едуць ваяваць у далёкія краіны? Па гэтых пытаннях дыскутавалі ў праекце «Двубой» на tut.by сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Павел Севярынец даводзіў свой погляд на гэтую тэму.

– Дыскутаваў з Гайдукевічам на tut.by. Хлопцы, якія ваююць за Украіну – гэта добраахвотнікі, ці гэта наёмнікі? Ён лічыць, што наёмнікі. Я лічу, што добраахвотнікі.

Кіраўнік Беларусі падпісаў папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх за ўдзел ва ўзброеным канфлікце за мяжой беларусам  пагражае крымінальная адказнасць – да 5 гадоў пазбаўлення волі. У сваім заключным слове на “Двубоі” Павел Севярынец скрытыкаваў гэтыя папраўкі, назваў іх дыскрымінацыйнымі, карнымі і рэпрэсіўнымі. “Але нават і гэты закон дзейнічае выбарачна – пакараем тых, якія змагаліся за Украіну, а на гэтых, якія ваявалі за ДНР і ЛНР, заплюшчым вочы,” – адзначыў Павел Севярынец.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя