Дзе мяса і цыгарэты? Бунт даярак



Сёлета гучыць шмат успамінаў пра падзеі 25-гадовай даўніны, яны пераносяць нас у лёсавызначальны і незабыўны для краіны 1991 год. Усе сведчанні пераканаўча даводзяць, што Незалежнасць і Дзяржаўнасць не зваліліся нашаму народу з неба, як штампуюць некаторыя эксперты. Гэта быў шлях барацьбы ў 200 год: вызваленчыя паўстанні ХІХ стагоддзя, дзейнасць БСГ і асветніцкіх гурткоў, абвяшчэнне БНР, падпольны патрыятычны рух і ўрэшце 1991 год – усё адзін ланцуг.

Хваляванні ў Воршы, шматтысячныя мітынгі ў Менску супраць ГКЧП і ў абарону нацыянальных каштоўнасцяў перакрэсліваюць стэрыятып, што беларусам палітыка не цікавая, што нацыя не саспела. Яшчэ як цікавіць нашае грамадства і палітыка і нацыянальныя інтарэсы, калі з гэтага не робіцца прафанацыя. Так было ў 1991 годзе, калі ўсё рэальна. Нестандартны час вымушае людзей рухацца і прымаць рашэнні, бо адсядзецца не атрымоўваецца.

У віры падзей 25-гадовай даўніны адзначыўся і Пінск. Сталіца Палесся мела легендарны гарадскі Савет народных дэпутатаў, харызматычных лідараў ды і самі паляшукі не хаваліся ў балоце…

1

Дэпутаты Пінскага гарсавета, дыскусія з жыхарамі: Віктар Ярашук і Яўген Шатохін.

Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў: вярніце Гарбачова!

Вясна 1990 года – ў краіне адбыліся першыя альтэрнатыўныя, а галоўнае сапраўдныя выбары ў выніку якіх у Вярхоўны і мясцовыя Саветы трапілі прадстаўнікі «дэмакратычнай платформы». Дзіўна, што падчас той выбарчай кампаніі агітавалі за барацьбу з бюракратыяй, абяцалі прыціснуць наменклатуру, палепшыць сацыяльна-эканамічны стан, паменьшыць ролю КПСС, казалі пра ўсё, акрамя незалежнасці. Але менавіта абранаму тады Вярхоўнаму Савету БССР наканавана стаць першым парламентам суверэннай Беларусі. Мясцовыя ж Саветы народных дэпутатаў атрымалі рэальныя паўнамоцтвы самакіравання.

Так сталася і ў сталіцы Палесся. У Пінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў была абраная досыць вялікая колькасць альтэрнатыўных камуністам людзей. Гэтыя асобы прадстаўлялі «дэмакратычны блок», а ўжо пасля падзяліліся на «фракцыі» БНФ і сацыял-дэмакратаў. Былі праўда і адзінкавыя прадстаўнікі палітычных арганізацый, як напрыклад Партыі народнай згоды (ПНЗ). Савет дэпутатаў адзін з нямногіх у СССР, ды яшчэ першым, асудзіў дзеянні ГКЧП і агучыў патрабаванне вярнуць краіне законнага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Акрамя таго пінскія дэпутаты апячаталі гаркам Кампартыі і схілілі на свой бок гарадскі аддзел міліцыі.

З успамінаў дэпутата Яўгена Шатохіна (1947-2012):

Незадоўга да путча мне патрапіла на вочы невялікая нататка ў газеце «Известия», у якой аб магчымасці развіцця падзей па такім сцэнары папярэджваў галоўны ідэолаг краіны, чалец Палітбюро ЦК КПСС Уладзімір Якаўлеў. Краіна пад прыгожымі лозунгамі камуністаў зайшла ў эканамічны тупік і стала развальвацца на часткі. Неабходнасць у палітычных і эканамічных рэформах ўзнікла даўно, аднак даверыць іх правядзенне састарэлым генералам з партыйнымі білетамі было б неразумным. Нас вельмі здзівіла пазіцыя пінскіх камуністаў. Кіраўнік дзяржавы і іх ідэйны лідэр знаходзіцца невядома дзе, а яны баяцца за яго заступіцца! Дэпутаты ад дэмакратычнага блока на сесіі так і казалі: «Хочам вярнуць вашага генеральнага сакратара, падтрымайце нас, прагаласуйце за патрабаванне аднавіць у краіне законную ўладу!» Многія падтрымалі, і адпаведную заяву гарсавета прынялі.

Пасля па рэгіянальным радыё пінчукам паведамілі аб прынятым дэпутатамі рашэнні і надрукавалі ў газеце «Пiнскі веснік». Таксама народныя абраннікі апячаталі будынак у якім размяшчаліся Пінскі гарадскі і раённы камітэты Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) ды праўладная рэдакцыя газеты «Палеская праўда». Работнікі ўзгаданых устаноў не адважыліся пярэчыць і срываць пячаткі. Неўзабаве будынак перадалі пад Пінскае вучылішча мастацтваў.

2

Патрабаванні і пытанні да ўладаў, Пінск, 1990 год.

Дзе мяса і цыгарэты?

Гэта адбылося тады, калі Перабудова прывяла Савецкі Саюз да ліхаманкавага стану, акрамя звыклых прадуктаў першай неабходнасці, прапаў і тытунь. Без туалетнай паперы ды іншай раскошы капіталістаў неяк жылі, як аніяк «Праўда» была за чатыры капейкі, але без тытуню нельга…    Яго вельмі бракавала, і многія прадпрымальныя грамадзяне гандлявалі недакуркамі ў банках. Залежнага чалавека цягнула да папяроскі і вымушаны купляць «бычкі» ў банцы.

Неяк па Пінску прайшла чутка, што праз горад будзе праходзіць цягнік на Маскву, які цалкам загружаны пачкамі цыгарэт. Мужыкі, якія ўжо проста звар’яцелі ад адсутнасці тытуню, вырашыліся на адчайны крок – дыверсію. Дачакаўшыся, калі таварняк адправіцца з пінскага чыгуначнага вакзала, проста перакрылі пераезд па вуліцы Першамайскай і колькі трэба набралі тытуню.

Без мяса таксама не лёгка, але пісалі лозунгі на плакатах, усё ж тытунь і алкаголь больш прымушае варушыцца.

3

Першы апазіцыйны мітынг, у цэнтры мастак, дэпутат Яўген Шатохін (1947-2012).

Старшыня, даеш панталоны 

Пасля краха СССР у краінах былой «камуністычнай сям’і» засталося шмат спадчыны ў тым ліку дэфіцыт. Ён яшчэ працяглы час упэўнена крочыў на пост-савецкай прасторы. Гісторыя ад часткі выглядае камічнай, але добра адлюстроўвае рэальнасць пачатку 90-х гадоў. Героі сацыялістычнай працы сутыкнуліся з тым, што за свае трэба змагацца і нагадваць пра патрэбы.

У адной вёсцы, што ў кіламетрах так дзесяці ад Пінска, калісьці знаходзіўся вельмі паспяховы калгас. Працавалі ў ім адказныя даяркі, якія падыходзілі да сваёй справы сур’ёзна.

Дэфіцыт бязлітасны да кожнага, але тут такое… З «сельпо» зніклі панталоны! Можа, ўсё б і абышлося па іх адсутнасці, так як да такога часу да ўсяго паспелі прызвычаіцца, але замест цёплых, утульных, надзейных панталонаў з’явіліся гэтыя заходнія штучкі – стрынгі. Сапраўдны дэлікатэс бялізны для вясковых жанчын выхаваных у савецкай рэальнасці. Праўда, спачатку новае паступленне прыйшлося па душы, але здарылася неспадзяванка. У стрынгах нязручна працаваць, як жа сесці перад жывёлінай ды і не тыя ўмовы!? Пратэст нарастаў як ком, пазбегнуць бунту было немагчыма.

Даяркі абурыліся і ўсім калектывам рушылі ў «сельпо» патрабаваць праўды. З’ехалася раённае начальства. Працаўніцы ўзяліся тлумачыць, што калі раней яны маглі смела задзіраць нагу ў патрэбную позу на працоўным месцы, то цяпер з гэтым праблемы. Выслухаўшы, начальнікі паабяцалі ў самы кароткі час усё вырашыць. Усё скончылася на карысць даярак.

4

Патрабаванні і пытанні пратэстоўцаў, Пінск, 1990 год.

Чыннікі выступаў розныя, але як тут дарэчы словы беларускага класіка Янкі Купалы:

«Шмат цярпець народ умее,

Ўмее ж і памсціцца,

Як дадзене вельмі крыўда,

Як зло разгасціцца…».

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя