„Дзе ты, мая Анечка?”: выйшаў новы кліп Лявона Вольскага



У інтэрнэце адбылася прэм’ера відэа Лявона Вольскаго на песню «Цёплае мінулае» з новага альбома «Псіхасаматыка».

Кранальны ролік ад рэжысёра Мацея Сабурава створаны на аснове архіўных фотаздымкаў музыкі ад дзяцінства да нашых дзён.

– «Цёплае мінулае» – гэта песня, якая складаецца з фрагментаў, з кадраў. Вось перада мной двор на вуліцы Адоеўскага: бабулі і жанчыны сядзяць на лаўках ля пад’ездаў, штосьці ці кагосьці актыўна абмяркоўваюць, дзеці гуляюць у пекара або цюхі, мужчыны гуляюць у шахматы ці даміно за негабляваным дваровым сталом… Вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу. Вось я граю першыя канцэрты на электрааргане «Юнацтва-75»… А вось кадры з мноства розных выступленняў, кожнае з якіх было асаблівым і кожнае па-свойму запомнілася… Вось мы з Аняй абмяркоўваем канцэпцыю канцэрту ў пераходзе… Паміж напісаннем гэтай песні і запісам голасу на студыі прайшло некалькі месяцаў. І ўжо той час, калі я ствараў гэтую песню, стаў «цёплым мінулым», таму што за гэтыя некалькі месяцаў жыццё кардынальна змянілася. Змяніўся я, змяніўся свет вакол мяне. І тое, што здавалася надзейным і непарушным, стала цёплым настальгічным успамінам, – прэзентаваў гэта відэа Лявон Вольскі на сваёй старонцы Facebook.

Новы альбом Лявона Вольскага «Псіхасаматыка» можна паслухаць і спампаваць на сайце музыкі. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 3 снежня ў Вільні і будзе складацца з двух аддзяленняў. Першае будзе прысвечана лірычным кампазіцыям, другое – дынамічным рок-кампазіцый. Прагучыць новы альбом «Псіхасаматыка», а таксама лепшыя песні з «Грамадазнаўства» (2014), іншых альбомаў і праектаў Лявона Вольскага.

Канцэрт адбудзецца ў абноўленым клубе Loftas. Квіткі: 65 рублёў (танцпол), 77 рублёў (балкон, стоячы), 110 рублёў (месца за столікам + дыск з аўтографам). Продаж: на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама ў салонах «Сувязны» і «Еўрасетка» па ўсёй Беларусі. Бясплатную візу можна атрымаць пры падачы дакументаў не пазней за 24 лістапада.