Дзе ў Беларусі навучыцца правільна піць гарбату?



Першая “Гарбатная школа” ў Гародні запрашае на нядзельныя майстар-класы.

“Гарбатная школа” ў Гародні пачала працаваць яшчэ ўлетку мінулага года і стала першай падобнай школай у Беларусі. Кожную нядзелю у анты-кафэ “Партал” усе ахвотныя могуць навучыцца культуры піцця гарбаты і прадэгуставаць некалькі яе сапраўдных гатункаў, прывезеных адмыслова з Кітая. Акрамя таго наведвальнікі разам з гарадзенскімі ганчарамі братамі Ражко змогуць зрабіць гліняны посуд сваімі рукамі.

Кажа заснавальнік “Гарбатнай школы” у Гародні Віталій Мацукевіч:

– Чай – адметная культура. У Кітаі ёсць чайныя сады, якія культывуюцца больш за тысячу гадоў, і самім дрэвам столькі. Гэта не ў нашым разуменні – нейкія кусты, якія сядзяць, і паміж імі машыны ездязць і збіраюць лісце. Найбольш старому чайнаму дрэву ў Кітаі ўвогуле 3200 гадоў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Наведаць майстар-клас па культуры піцця гарбаты можна кожную нядзелю ў анты-кафэ “Партал” на вуліцы Вялікай Траецкай, 31. Акрамя таго на дэгустацыю кітайскай гарбаты можна завітаць кожную раніцу ў буднія дні а 10-й гадзіне.

Аднак менавіта гэтай зімой усе ахвотныя змогуць не толькі навучыцца правільна піць гарбату, а таксама выканаць гліняны посуд сваімі рукамі.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі