„Дзедзіч” ладзіць “Летнік асабістай эфектыўнасці”



Летнік для моладзі на Камянеччыне. У памежнай вёсцы Залессе яго ладзіць берасцейская арганізацыя “Дзедзіч”. Цягам тыдня ў “Доме еўрапейскіх сустрэч” хлопцы і дзяўчаты разам праходзяць серыю трэнінгаў і адпачываюць.

Падрабязней кажа каардынатарка Алена Каховіч:

– Гэта ўжо не першы наш летнік, але гэты – менавіта адукацыйнае мерапрыемства, таму што мінулы летнік мы праводзілі з мэтай дабудаваць дом і прывесці яго ў парадак. Мы набралі хлопцаў і дзяўчат, пераважна абітур’ентаў, былі студэнты з першага і другога курсу, якія прыехалі з малых гарадоў і вёсак каб даведацца, як можна жыць самастойна.

Хлопцы і дзяўчаты з розных куткоў Берасцейскай вобласці трапілі на “Летнік асабістай эфектыўнасці” шляхам адбору, папярэдне праведзеным праз інтэрнэт. Агулам там знаходзіцца каля 30-ці чалавек, і яны ўжо маюць першыя ўражанні.

Кажа ўдзельніца Таццяна:

– Я прыехала ў летнік з Берасця. Ён для мяне за гэтыя некалькі дзён стаў вельмі карысным, многа цікавай інфармацыі і ведаў я тут атрымала. А таксама знаёмства. Гэта атмасфера і людзі, якія яе ствараюць. Веды мне спатрэбяцца ў будучым. Мяне чакае першы курс універсітэта – знаёмствы з новымі людзьмі. Адпачываем добра, разнастайна.

У праграме трэнінгаў такія тэмы як: майстэрства самапрэзентацыі, пошук дадатковага заробку, бюджэтныя падарожжы ды іншыя. “Нефармальная адукацыя – вельмі добры спосаб атрымання ведаў, патрэбных для сучаснага, імклівага жыцця”, – кажуць удзельнікі мерапрыемства.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя