Дзень барацьбы з расавай дыскрымінацыяй адзначылі ў менскім «Прэс-клубе»



Міжнародны Дзень барацьбы супраць расавай дыскрымінацыі адзначылі ў менскім «Прэс-клубе» сустрэчай журналістаў і творцаў, якія асвятляюць сучасныя вайсковыя канфлікты.

Гаворыць вядучы мерапрыемства Мікалай Анішчанка.

— Мы пабачылі шэраг беларускіх журналістаў як тых, хто піша, так і тых, хто здымае, якія пабывалі ў зонах ваенных дзеянняў. Прынамсі, у зоне ваеннага канфлікту на Данбасе. Мы сышліся яна тым, што нягледзячы на ўласныя сімпатыі заўсёды вельмі важна для журналіста заставацца аб’ектыўным і як мага больш аб′ектыўна асвятляць тое, што адбываецца па абодва бакі канфлікту.

Асаблівую ўвагу на сустрэчы надалі этыцы. У публікацыях журналісты мусяць пазбягаць «мовы нянавісці». Пры гэтым было адзначана, што апошнімі тыднямі афіцыйныя беларускія СМІ актыўна выкарыстоўваюць «расчалавечванне» сваіх апазіцыйных апанентаў, называючы іх «прусакамі», «пятай калонай», «майданутымі адмарозкамі».

У гэты ж дзень у памяшканні «Прэс-клубу» адкрылася выстава фотакалажаў сірыйскага фотамастака Тамера Малака, які скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, і цяпер жыве ў Менску.

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара