Дзень Волі на Гомельшчыне



Некалькі дзясяткаў гомельскіх актывістаў адзначылі Дзень Волі ўскладаннем кветак і вянкоў да месцаў, звязаных з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху. Сябры дэмакратычных партый і аб’яднанняў ўшанавалі памяць міністра апекі Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай, антысавецкага падпольшчыка Цімоха Вострыкава, кіраўніка Нарыльскага паўстання Рыгора Клімовіча. Грамадскі дзеяч Уладзімір Кацора ля помніка Цімоху Вострыкаву падкрэсліў, што ідэал дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, за які змагаліся папярэднія пакаленні, не страціў актуальнасці.

– Мы, каб рухацца наперад, вымушаны і павінны прыгадаць тое, што ўжо было да нас, прыгадаць тых людзей, якія рабілі справу, якую, будзем спадзявацца, мы зможам завершыць. Калі не мы, то завершаць нашыя дзеці, нашыя ўнукі. Прапаную хвілінай маўчання на гэтым месцы яшчэ раз узгадаць Цімоха Вострыкава.

Акцыю да 98-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі арганізавалі актывісты гомельскага Грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палескай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель.