Дзень Волі ў Лідзе і Варанове (абноўлена)



Сябры палітычных партый, арганізацый і грамадскія актывісты традыцыйна адзначылі Дзень Волі наведваннем месцаў пахаванняў беларускіх дзеячоў. Так, у Варанове былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя знічы на магіле міністра абароны БНР – генерала Кіпрыяна Кандратовіча.

DSCF5206

А ў Свята-Георгіеўскай царкве ў Лідзе адбылася служба і ліція за Беларусь з нагоды Дня Волі. Як адзначыў пасля службы протаіерэй Аляксей Глінскі, у свой час беларускі народ зрабіў вельмі важны крок, выбраўшы незалежнасць, і ўсім важна памятаць аб гэтым.

– У тыя цяжкія часы беларусы змаглі знайсці у сабе сілы, каб згуртавацца і зрабіць такі важны і вельмі моцны крок у бок незалежнасці і дзяржаўнасці, калі беларускі народ выходзіць на шлях самастойнасці, гэта вельмі важна, бо кожная нацыя, кожны народ мае перад Богам нейкі свой лёс, нейкі досвед і кожны народ павінен існаваць, а не знікаць. На гэта няма Божай волі.

За ўсімі памятнымі мерапрыемствамі, як у Лідзе, так і ў Варанове за актывістамі пільна сачылі людзі ў цывільным. Вялі відэаздымку.

Усяго ў Дні Волі тут бралі ўдзел дзесяць актывістаў з Ліды і Бярозаўкі.

* * *

Дзень Волі мусіць стаць днём нацыянальнай яднання. Акрамя Менска, традыцыйна адзначаюць 25 сакавіка ў Лідзе і Варанове, дзе святочныя мерапрыемствы да Дня Волі ўжо стартавалі. Яны праходзяць пад пільнай увагай супрацоўнікаў спецслужбаў, як паведаміў наш карэспандэнт.

– Традыцыйна праходзіць святкаванне Дня Волі ў Лідзе і Варанове. Грамадскія актывісты ўсклалі кветкі да месца пахавання генерала Кандратовіча гэта былы міністр абароны БНР. У Лідзе ўсклалі кветкі да магіл дзеячаў Беларускай незалежніцкай партыі, якія загінулі ў ваколіцах Ліды. Мясцовыя святары ў царкве і пры гэтых могілках правялі службу за Беларусь і тых, хто загінуў за яе.

Падчас усіх мерапрыемстваў за актывістамі пільна сачылі супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным, здымалі на відэа. Пакуль усё праходзіць без затрыманняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Ліда