Экс-кандыдата ў дэпутаты аштрафавалі за перадвыбарчы пікет



Нядаўні кандыдат у дэпутаты аштрафаваны за перадвыбарчы пікет. Уладзімір Падгол, які вылучаўся на выбарах ад партыі БНФ, прызнаны вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

dscn6404-833x400

Падчас выбарчай кампаніі ён зладзіў акцыю пад назвай “Шорцу пакет – заява на пікет”, якая адбылася перад будынкам Менгарвыканкаму, кажа Уладзімір Падгол:

– Суд прызнаў мяне вінаватым. Ён прыняў бок міліцыі. Я абіраў тую пазіцыю абароны, што мы рабілі тое, што нам дазволена законам, – мы падавалі заявы на правядзенне пікету. Гэта наш абавязак. А ў якой форме падаюцца гэтыя заявы, гэта ў законе не прапісана. Міліцыя вырашыла, што гэта быў несанкцыянаваны пікет. А мы лічым, што гэта была папулярная форма падачы заявы. Мяне абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікету і прысудзілі штраф у памеры прыкладна 160 даляраў. Мы гэта будзем абскарджваць.

Уладзімір Падгол, які з’яўляецца пенсіянерам, атрымаў штраф у памеры 315 рублёў. Калі ўсё ж давядзецца выплаціць дзяржаве гэтыя грошы, ён гатовы правесці публічную акцыю па зборы сродкаў, якая таксама будзе мець характар перфомансу.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя