Экс-міністр гандлю Валянцін Чаканаў выйшаў з СІЗА



Былы міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў, які падазраецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, адпушчаны з следчага ізалятара, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

«Расследаванне крымінальнай справы знаходзіцца на завяршальнай стадыі. У дачыненні да падазронага мера стрымання была змененая на не звязаную з пазбаўленнем волі», — сказала Ганчарова. Назваць новую меру стрымання яна адмовілася.

valentin_chekanov

Пра затрыманне Чаканава стала вядома ў сярэдзіне снежня 2015 года. Тады ж высветлілася, што справай былога міністра гандлю займаецца Следчы камітэт.

У маі старшыня СК Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што канчатковыя абвінавачванні Чаканаву пакуль не выстаўленыя. «Паколькі чалавек пад вартай, зразумела, што яму выстаўлена абвінавачанне, але гэта ж першапачатковыя абвінавачанні», — сказаў Наскевіч. Ён не стаў называць магчымыя тэрміны правядзення расследавання, паколькі тут «вялікі ўплыў мае выкананне даручэння па аказанні прававой дапамогі расейскімі калегамі».

З тых часоў пра справу Чаканава не паведамлялася.

БелаПАН