Эксперт: Адэпты „рускага міру” будуць працягваць свае правакацыі



“Адэпты „рускага міру” будуць старацца выкарыстаць акцыі недармаедаў для перахопу ініцыятывы і дэстабілізацыі. Таму грамадскія актывісты, якія ўдзельнічаюць і будуць удзельнічаць у маршах і мытынгах – павінны быць пільнымі”. Такое меркаванне ў размове з нашым радыё выказаў рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын.

– Мы ўвачавідкі пабачылі рэальных будучых сепаратыстаў, якія заклікалі вітаць Расею. Выгуквалі “Слава Расеі”. І ўсе мы пабачылі рэакцыю грамады. Таксама яна нас здзівіла, таму што ніхто не паддаўся на іхнюю правакацыю. І гэта таксама вельмі станоўчы чыннік для ўсіх нас, для беларусаў. Зараз адбываецца пэўны маніторынг рэакцыі беларускага грамадства сілавікоў на гэтую правакацыю.

Варта з гэтага рабіць высновы для беларускіх дэмакратычных дзеячоў, лічыць Дзяніс Івашын. Ён прапануе, да прыкладу, пазбягаць выкарыстання „жывога мікрафона”, як гэта было ў Гомелі 19-га лютага, калі да прамовы дапускаліся ўсе ахвотныя, выкарыстоўваць падчас акцый беларускую нацыянальную сімволіку, а таксама ствараць дружыны самаабароны, якія змогуць ізаляваць правакатараў з расейскай атрыбутыкай.

Беларускае Радыё Рацыя