Эльжбета Смулкова – узор дыпламатыі



смулковаМенск – Варшава. Выйшла кніга пра польскую беларусістку, першую амбасадарку Польшчы ў незалежнай Беларусі Эльжбету Смулкову. Прэзентацыя адбылася падчас 25-ай Міжнароднай навуковай канферэнцыі, датычнай культурніцкіх сувязяў між дзвюма краінамі.

Гаворыць аўтар кнігі “Гісторыя адной прыязні”, журналіст Валер Каліноўскі.

– Я глыбока даведаўся гэтага чалавека. Яе лёс трагічны: бацька загінуў у рамках Катыньскага спісу ва Украіне, сям’я была выслана на 5 гадоў у тайгу. Пра некаторыя факты, што я даследаваў, яна сама не ведала. Падзякавала мне, у прыватнасці, за дэталі мясцовасці ў Сібіры, дзе яна 5 гадоў адбывала ссылку. Яна не ведала, што ў тым спецпасёлку, дзе яна з мамай і сятрой жылі, ужо тайга расце.

get_img

Цяперашні польскі амбасадар у Беларусі Конрад Паўлік лічыць працу сваёй папярэдніцы ўзорам дыпламатыі. Дамоваў, што заключаліся пры ўдзеле Эльжбеты Смулковай на пачатку 90-ых гадоў, ніхто не адмяняў.

– Па-першае, гэта дамова пра наладжванне дыпламатычных дачыненняў. І адзін з найважнейшых дакументаў, які мы падпісвалі тады з усімі нашымі суседзямі,  – гэта ўмова пра добрасуседства і прыязную супрацу. Хутка будзем адзначаць 25-годдзе. Думаю, гэта будзе таксама нагодай вызначыць, наколькі гэтая дамова для нас важная, што яна азначае, што супольна атрымалася паводле гэтай дамовы зрабіць.

24 чэрвеня ў Доме Ваньковічаў у Менску пройдзе круглы стол у гонар 85-годдзя Эльжбеты Смулковай. Сама гераіня не змагла прыехаць у Менск, бо папраўляецца пасля аперацыі.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота tv.sb.by