«Еўраопт» адкрыў першы гіпермаркет з надпісамі па-беларуску



У гарадзенскім гандлёвым цэнтры „Old City” 16 чэрвеня адкрыўся гіпермаркет «Еўраопт», у якім усе назвы аддзелаў, тавараў і акцый напісаныя па-беларуску.

P1230557

Гандлёвая плошча гіпермаркета – 5200 метраў квадратных. Канцэптуальная розніца вялікай крамы ад такіх самых, пад адной гандлёвай маркай – гэта прысутнасць беларускай мовы на шыльдах аддзелаў і іншай візуальнай інфармацыі.

Пакуль можна казаць, што супермаркет у Гародні дагнаў некаторыя беластоцкія супермаркеты ў моўным сэнсе.

P1230566

Для беларусаў, якія штодня карыстаюцца роднай мовай як асноўным сродкам камунікацыі, такая беларуская прысутнасць у гандлі занадта малая. Бо цэннікі, бягучая інфармацыя пра зніжкі, інфармацыя пра акцыі, бэйджыкі прадаўцоў засталіся на мове суседа беларусаў – расейскай. І тое, што кіраўніцтва гандлёвага цэнтру пайшло на мінімальнае выкананне правоў беларускамоўных спажыўцоў, не з’яўляецца для іх маркетынгавай рызыкай, як пісалі некаторыя СМІ.

Але калі паглядзець наяўнасць беларускай мовы ў краме наагул, то канечне – гэта прыемная з’ява. І вельмі хацелася б, каб гандлёвая сетка „Еўраопт” абагнала ва ўжыванні беларускай мовы польскія прымежныя супермаркеты, і паставіла яе на належны ёй п’едэстал.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара