Фермер з Гомельшчыны: „Сельская гаспадарка мусіць быць у прыватных руках”



Фермер Уладзімір Шыпкоў трымае невялічкую гаспадарку на мяжы з Украінай. Статак кароваў, цяляты, бычкі, свінні, птушка, а таксама некалькі зямельных надзелаў для гародніны і кармоў — так выглядае ягоны бізнес. Сяло Маркавічы знаходзіцца ў Гомельскім раёне ў чыстай ад радыяцыі зоне. Але сяляне не спяшаюцца станавіцца гаспадарамі. Фермер Уладзімір Шыпкоў распавядае пра адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, складанасці з рэалізацыяй прадукцыі і іншыя праблемы ягонай гаспадаркі ў размове з Міколам Бянько.

РР: Што павінна была рабіць дзяржава, каб падтрымаць дробных фермераў?

Уладзімір Шыпкоў:

Можа быць, патрэбна, каб субсідыі з’явіліся. Не крэдыты, а менавіта субсідыі. І тэхніка патрэбная чалавеку, каб працаваць на зямлі. А ў нас тэхніка больш разлічаная на буйныя гаспадаркі. Вось я, напрыклад, хацеў набыць касілку на ЗЛіНЕ, цана стаяла адна да новага году. І пасля новага году яна трымалася, а троху даляр стаў расці, і імгненна цана вырасла, памянялася на 15-20%. Тая ж самая нашая тэхніка ў нас каштуе даражэй, а ў Расеі яна на парадак танней.

РР: А з рэалізацыяй вашай прадукцыі вы таксама маеце праблемы?

 — Канешне, раней можна было без праблемаў зарэзаць таго ж кабана ці цяля. І завезці на рынак, каб ці самому пагандляваць, ці аддаць рэалізатару. А цяпер трэба аддаць, каб дзяржава зарэзала. Ва ўсім свеце людзі самі рэжуць і вязуць на рынак, гандлююць сваёй прадукцыяй. Лічыцца, што гэта ад прыватніка. А на дзяржаўнай бойні ўжо зусім па-іншаму парсюк смаліцца і разбіраецца.

РР: І сала не атрымаецца такім смачным…

Ну, так, так. Калі не вытрымаць неабходнай тэмпературы, калі смаліш. Раней саломай смалілі. І цяпер некаторыя людзі так робяць. А на дзяржаўнай бойні робіцца на хуткую руку, пасля чаго аддаюць гаспадару, каб ён вёз на рынак тушу.

РР: Ці шмат у каго з аднавяскоўцаў маецца быдла?

Я прыйшоў на працу, адвучыўшыся на ветэрынара, у вёсцы было два статкі кароў. Адзін статак налічваў больш за 90 галоў, другі – 140 галоў. Цяпер на гэтай палове толькі ў мяне ёсць каровы. І ў цэнтральнай частцы вёскі таксама ёсць дзесьці 15 галоў. І ўсё.

РР: А чаму так сталася? Нявыгадна стала трымаць быдла?

Па-першае, сышло тое старое пакаленне, якое прызвычаілася на зямлі расці. А па-другое, моладзь не імкнецца да сельскай гаспадаркі. Усе хочуць ехаць у горад і атрымліваць лёгкія грошы.

РР: А вы бачыце будучыню ў такіх фермерскіх гаспадарках? У дробных фермерах?

— Я мяркую, што сельская гаспадарка мусіць быць у прыватных руках. Павінныя быць буйныя гаспадаркі. Але і дробная гаспадарка таксама мусіць быць. На дробнай гаспадарцы заснаванае жыццё вёскі. Чалавек прызвычаіўся трымаць у сябе курыцу, карову, парася. І гэта нашыя вытокі. Раней прыватнікі і самі жылі, і дзяржаву кармілі. 

Паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, У Беларусі зарэгістравана амаль 3 тысячы фермерскіх гаспадарак. Яны вырабляюць 2% валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў краіне.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Юлія Сівец