Фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай



Больш за сорак тысяч вернікаў наведала Будслаў падчас урачыстасцяў святкавання Маці Божай Будслаўскай і 25-годдзя заснавання Менска-Магілёўскай дыяцэзіі.

budslau_19

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпмісій, уладаў, замежныя біскупы  і іншыя духоўныя асобы. Галоўную святочную імшу ўзначаліў папскі легат, кардынал Крыстаф Шонбарн.

Па словах вернікаў, у Будслаў яны едуць, каб падмацаваць сваю веру, адчуць цуды і папрасіць божай ласкі. Але больш за ўсё ўражанняў ад свята ў пілігрымаў, якія да яго загадзя і адказна  рыхтуюцца.

– Мы – з Мазыра. У пілігрымку рушыла 130 чалавек. Мы цэлы год да яе рыхтаваліся. Нам тут усё вельмі падабаецца.

– Мы прыехалі з Гомеля. Сёлета з нашага горада вельмі шмат паломнікаў. Я прыехала сюды ўжо другі раз, і кожны раз я зведваю шмат цудаў.  Гасподзь Бог выконвае ўсе мае просьбы.

Падчас урачыстасцяў прысутныя пазнаёміліся з дакладам пра гісторыю ўтварэння і развіцця Менска-Магілёўскай мітраполіі, паслухалі акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы, супольна памаліліся і склалі інтэнцыі да Маці Божай Будслаўскай. Скончылася свята працэсіяй Божага цела з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара