Фэст у гонар св. Андрэя Баболі



Адкрылі сезон байкераў, асвяцілі іх транспартныя сродкі, узгадалі святога Андрэю Баболю і прыклаліся да ягоных мошчаў, паставілі скульптуру апостала Тамаша — усё гэта адбылося ў Лучаі Пастаўскага раёна падчас фэсту ў гонар святога Андрэя Баболі, заступніка Беларусі і Лучайскай парафіі.

Плануе і арганізуе фэсты для жыхароў і гасцей Лучая нястомны і крэатыўны ксёндз Мікалай Ліпскі, які паведаміў, што на фэст з’ехалася больш за трыццаць байкераў з шасці гарадоў Віцебскай вобласці.

— З’явілася ідэя зрабіць адкрыццё сезона байкераў. Іх было так шмат на фэсце святой Ганны, што мы вырашылі зрабіць для іх такі акцэнт і асвяціць іхны транспарт, што вельмі патрэбна. Яны ахвотна адгукнуліся і сказалі, што з задавальненнем будуць прыязджаць і далей. Апостал ужо дзясяты і засталося паставіць яшчэ два. Дзякуючы пэўным асобам, якія дапамагаюць і фундуюць: хтосьці сям’ёй, хтосьці асобна ад сябе. Кожную суботу на працягу года мы молімся за нашых фундатараў, за тых людзей, якія дапамагаюць розным чынам: і малітвай, і працай, і ахвярай.

 

Напрыканцы свята адбыліся паказальнае выступленне глыбоцкіх байкераў і канцэрт з удзелам ансамбля песні «Ферцінка» з Полацка. А наперадзе мясцовых вернікаў і іх ксяндза Мікалая Ліпскага чакае юбілей касцёла: 250-годдзе заснавання. Мерапрыемства адбудзецца 23 ліпеня, запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя