Фота беларуса могуць надрукаваць у National Geographic



Праца беларускага фатографа Вячаслава Мазая намінавана на Daily Dozen – лепшае фота дня на сайце вядомага часопіса National Geographic.

Фота

Вячаслаў Мазай – праграміст з Менска, які ўжо дзесяць гадоў займаецца фатаграфіяй. Конкурсны здымак ён зрабіў пры дапамозе дрона недалёка ад Кургана Славы пад Менскам. На фатаграфіі намаляваная восеньская беларуская дарога і лес.

„Я лічу, што аб нашай прыродзе трэба больш распавядаць фатаграфіямі. І вось што: у свеце гэта цэніцца куды больш, чым у нас. У Беларусі не шануюць тое, што хацелася б: у нас няма ні конкурсаў, ні публікацый фатаграфій. Неяк глядзелі з сябрамі фотакнігі пра Беларусь у нашых крамах – там друкуюць суцэльную лухту, і гэта сумна”, – распавёў Sputnik Мазай.

Фатограф прызнаўся, што перамога ў конкурсе National Geographic была б для яго „радасцю і падтрымкай”, а сярод здымкаў-канкурэнтаў адзначыў малюнак цюленяў.

 

Вынікі конкурсу будуць вядомыя раніцай 7 студзеня. Пераможца атрымае публікацыю ў часопісе National Geographic.