Футбольных заўзятараў за „Пагоню” пакаралі штрафамі (абнаўляецца)



Трое заўзятараў, якіх затрымалі ў Барысаве 12 кастрычніка, ужо на волі. Раённы суд Барысава пакараў іх па 10 базавых велічынь за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі, хаця ўсё ведаюць, што судзілі іх за бел-чырвона-белыя шалікі з „Пагоняй”.

* * *

У Барысаўскім раённым судзе агучаны другі прысуд па справе футбольных заўзятараў. Зміцеру Хведаруку па сукупнасці артыкулаў абвешчаны штраф у памеры 10 базавых велічынь. Такі ж прысуд атрымаў мянчук Віталь Буцько. Застаецца пад вартай Юрый. Яны абвінавачваліся ў дробным хуліганстве (лаянцы) ды непадпарадкаванні міліцыі.

Кажа Алег Мацкевіч:

10 базавых велічынь атрымаў Зміцер Хведарук. Недарэчныя, блытаныя паказанні давалі ў судзе. Сам Зміцер кажа, што ён ніколі не лаіцца, бо ён хрысціянін. Цікава сказаў сведка, што даваў паказанні на карысць Змітра: патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі былі больш падобны да патрабаванняў разбойнікаў, чым праваахоўных органаў.

* * *

Суд Барысаўскага раёна вынес першы прысуд у дачыненні да аднаго з затрыманых падчас матча Беларусь-Македонія: заўзятар Віталь Буцько атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь.

* * *

У Барысаве зараз менчукі Зміцер Хведарук, Віталь Буцько ды Юрый (прозвішча невядомае) абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве (лаянцы) ды непадпарадкаванні міліцыі. Справу разглядае суддзя Барысаўскага раёна Болатаў. Яны падчас футбольнага матча кваліфікацыі Еўра-2016 Беларусь-Македонія  былі затрыманыя і дастаўленыя ў мясцовы РАУС, бо мелі на сабе бел-чырвона-белыя  шалікі з выявай „Пагоні”. Толькі што з будынка суда выйшаў юрыстконсульт незалежнай газеты “Барысаўскія навіны” Алег Мацкевіч.

– Толькі скончыўся разгляд. Аб’яўлены перапынак. Сядзелі мы больш за паўтары гадзіны. Іх вінавацяць у парушэнні грамадскага парадку, непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. У сукупнасці, паводле Адміністрацыйнага кодэксу, яны могуць атрымаць да 25 сутак. Але я не думаю, што ім будуць даваць максімум. Чамусьці спадзяюся на іх страх.

А 16 гадзіне ў Барысаве мусіў пачацца суд над трыма затрыманымі футбольнымі заўзятарамі. Гэта адбылося падчас футбольнага матча кваліфікацыі Еўра-2016 Беларусь – Македонія. Хлопцы мелі на сабе бел-чырвога-белыя  шалікі з выявай „Пагоні”. Яны былі затрыманыя і дастаўленыя ў мясцовы РАУС. Зараз абвінавачваюцца ў непадпарадкаванні міліцыі ды дробным хуліганстве. Сітуацыю каментуе папулярны футбольны каментатар, намеснік рэдактара незалежнай газеты “Прэс-бол” Сяргей Новікаў.

– Канешне, абуральна! У нас могуць і не за шалікі затрымаць – за што хочаш. У Салігорску ставілі перад камерай пры праходзе на стадыён, запісвалі на відэа, а яшчэ нават забаранялі ўсміхацца.

Ёсць верагоднасць, што без суда адпусцяць заўзятараў, затрыманых за шалікі з гербам Пагоня учора ў Барысаве падчас футбольнага матчу кваліфікацыі Еўра-2016 Беларусь – Македонія. Заўзятараў вінавацяць ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і яны чакаюць суда ў Барысаве.

Ля будынка чакаюць здымачная брыгада тэлеканала “Белсат” і юрыст-консульт незалежнай газеты “Барысаўскія навіны” Алег Мацкевіч. Ён паведаміў апошнія навіны, пракаментаваў затрыманне  знакаміты рэжысёр Юры Хашчавацкі.

– Ніхто нічога не ведае – я тут ад пачатку 10-й знаходжуся, і абсалютна не зразумела, калі іх будуць судзіць. Няма ніякай дакладнай інфармацыі.

– Гэта лепшае пацверджанне двухдумства нашай улады і яе крывадушнасці. Яны вельмі любяць казаць, што спорт у нас па-за палітыкай. На самой справе – у палітыцы. Улада ў нас ненавідзіць нацыянальную сімволіку. І як толькі яны яе бачаць, разумеюць, што людзі выказваюць сваю адданасць Беларусі, то тут жа пачынаюць іх пераследаваць.

Прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола выступіла з заявай, у якой выразіла неразуменне таго, “як сімволіка, не забароненая заканадаўствам РБ, а таксама не ўваходзіць у спісы, забароненыя ФІФА і УЕФА, можа служыць падставай для затрымання балельшчыкаў у хадзе матчу”.

* * *

Учора ўвечары ў Барысаве падчас футбольнага матчу з камандай Македоніі былі затрыманыя тры заўзятары: жыхар Менску Зміцер Хведарук, а таксама яшчэ два маладыя чалавекі Віталь Буцька і Юры, які не назваў сваё прозвішча. Як паведаміла праваабаронца з цэнтру “Вясна” Наста Лойка, сёння яны стануць перад судом.

– Трое затрыманых правялі ноч у барысаўскім ізалятары. Яшчэ ўчора на іх склалі пратаколы за непадпарадкаванне, і сёння барысаўскі суд будзе разглядаць гэтую справу, але пакуль што іх не прывезлі ў суд. Афіцыйна гэта гучыць: непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам правахоўных органаў. Але ў чым менавіта было гэтае непадпарадкаванне напэўна даведаемся ўжо толькі на судзе.

Паводле афіцыйнага абвінавачання, тры маладыя хлопцы былі затрыманыя па абвінавачанні ў непадпарадкаванні міліцыі. На самой справе яны трапілі ў поле зроку міліцыі з прычыны таго, што ў іх былі заўзятарскія шалікі з “Пагоняй”.

* * *

Журналіста Змітра Хведарука, а таксама Віталя Буцько і Юрыя (прозвішча называць не хоча) затрымалі за шалікі з Пагоняй на матчы адборавага турніру Чэмпіяната Еўропы па футболе. Пра затрыманне паведаміў журналістам сам Хведарук.  Хлоцаў вінавацяць у нібыта непадпарадкаванні міліцыі, яны правялі ноч у Барысаўскім РАУС. Сёння іх маюць судзіць.

* * *

Фан-сектар зборнай Беларусі ў поўным складзе пакінуў стадыён падчас матчу супраць Македоніі. Прычынай паслужыла затрыманне пяці заўзятараў нацыянальнай каманды з-за шалікаў з выявай герба „Пагоня”. Пра гэта паведамілі ў сваім твітары фан-клуб зборнай Беларусі „Б-12″.

У аднаго фаната апісвалі рэчы, а гэта значыць, што хутчэй за ўсё ён сядзе на суткі.

На фан-сектары было каля 100 чалавек. Гульня скончылася з лікам 0:0.

Беларускае Радыё Рацыя