ГА „За справядлівыя выбары” зноў адмовілі ў рэгістрацыі (абноўлена)



Міністэрства юстыцыі ў чацвёрты раз адмовіла ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання „За справядлівыя выбары”. Дакументы на рэгістрацыю падалі 17 снежня 2015 году. Па словах сустаршыні аргкамітэту па стварэнні гэтай арганізацыі Віктара Карнеенкі, падставы для адмовы – фармальныя. Заўвагі можна выправіць за некалькі гадзін. Сярод іх – тое, што пашпарт грамадзяніна, які прадаставіў арганізацыі юрыдычны адрэс, не завераны натарыяльна. Па-другое, мінюст знайшоў невялікую памылку ў дакуменце пра аплату дзяржпошліны:

– Усё гэта робіцца па стандарце. Ужо чацвёрты раз. Ніколі раней не патрабавалася гэтае натарыяльнае дзеянне, усё прымалася нармальна. Знаходзілі іншыя прычыны. Зараз знайшлі гэтую. Нават калі дапусціць, што такія памылкі былі, я звяртаўся да кіраўніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый, да Алены Ольдаўны Кірычэнкі, і запытаўся: ці ёсць якія праблемы? Калі такія прэтэнзіі былі аб’ектыўныя, то гэтыя прэтэнзіі можна было элементарна выправіць.

Таму, па словах Віктара Карнеенкі, складаецца ўражанне, што Міністэрства юстыцыі створана ў Беларусі як барыкада, якая перашкаджае стварэнню недзяржаўных арганізацый. І не з’яўляецца дзяржаўнай установай, якая павінна дапамагаць грамадзянам у вырашэнні іх пытанняў і забеспячэння іх грамадзянскіх і палітычных правоў. Віктар Карнеенка сказаў, што сябры аргкамітэта будуць працягваць спробы рэгістрацыі.

* * *

„Фармальныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання „За справядлівыя выбары” вартыя смеху, а сапраўдныя – носяць выключна палітычны характар”, – лічыць Сяргей Калякін, сустрашыня аргкамітэту па стварэнню гэтай арганізацыі. Ён нагадаў, што Міністэрства юстыцыі адмовіла ў яе рэгістрацыі ўжо чацвёрты раз. У цяперашні раз мінюст дачапіўся да таго, напрыклад, што ў квітанцыі па аплаце дзяржпошліны банкаўскі служачы напісаў скарочаную назву арганізацыі.

„Але ж мы ўвогуле маглі не пісаць назву, як рабілі гэта раней – і прэтэнзій не было. Галоўнае, што ёсць дакумент, які пацвярджае аплату,” – кажа Сяргей Калякін.

– Зразумела, чаму адмоўлена. Таму што ўлада не збіраецца праводзіць сумленныя, празрыстыя выбары. І таму ім абсалютна непатрэбная арганізацыя, якая будзе дапамагаць грамадзянам самаарганізоўвацца, для таго, каб здзяйсняць кантроль за тым, як іх права голасу ўлічвана ці не ўлічана. Гэта самае галоўнае.

Таму адмова ў рэгістрацыі арганізацыі паказвае, што ўлады ўвогуле не збіраюцца мяняць сваіх падыходаў як да арганізацыі выбараў, так і ў іншых сферах грамадскага і палітычнага жыцця. Ніякай палітычнай лібералізацыі не адбываецца. Беларуская ўлада цягне час, бярэ заходніх партнёраў на змор, спадзяючыся, што Захад урэшце рэшт прыме беларускі рэжым такім, як ён ёсць, і ўвогуле адменіць санкцыі, якія пакуль што часова „замарожаны”, – лічыць Сяргей Калякін.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя