Габрэі адзначаюць Хануку



У Гародні пачалося васьмідзённае адзначэнне Ханукі – свята, якое габрэйская супольнасць ушаноўвае з другога стагоддзя да нашай эры. Менавіта тады быў ачышчаны ад грэка – сірыйскіх жаўнераў Ерусалімскі храм, у якім аднавілася служба.

У гарадзенскай сінагозе адбылося традыцыйнае запальванне адной са знічоў меноры, якая сімвалізуе святло Торы.

Як адзначыў рабін Іцхак Кофман, для габрэйскага народа свята Ханукі з’яўляецца святам свабоды і перамогі дабра над злом:

– У яўрэйскага народа былі розныя праблемы на працягу тысячагоддзяў, але габрэі заўсёды адзначалі гэта свята. Нават калі вакол была цемра і не было бачна дзе і што, глядзелі на гэтыя маленькія свечкі і ведалі, што святло перамагае цемру.

Падчас святкавання Ханукі ў гарадзенскай сінагозе адбыўся канцэрт Пінхаса Цынмана. Музыка, які атрымаў адукацыю ў Злучаных Штатах Амерыкі, выканаў кампазіцыі ў незвычайным стылі хасідскага рэгі.

Усе прысутныя мелі магчымасць пачаставацца традыцыйнымі для гэтага дня габрэйскімі стравамі, самай распаўсюджанай з якіх з’яўляецца ханукальныя пончыкі суфганіёт.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня