Галіна Смірнова: Людзі, не бойцеся ўлады і рэпрэсій!



У Бабруйску прайшоў чарговы суд па справе старшыні мясцовай філіі прафсаюза РЭП Галіны Смірновай. Учора ў судовым разбіральніцтве быў абвешчаны перапынак, бо яна падала скаргу на супрацьпраўныя дзеянні падпалкоўніка Рудзько, які праводзіў допыт з ёй.

Яе абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і яго арганізацыі. Вырак — штраф у 30 базавых велічынь, што складае на сёння 690 рублёў.

Галіна Смірнова заклікала людзей не баяцца выказваць і адстойваць сваё меркаванне публічна падчас мірных акцый:

— Я проста прашу і заклікаю людзей: той настрой, які ў вас ёсць, мяне акрыляе. Я прашу не падаць духам. Я ведаю, што ў Беларусі сёння арыштаваных сотня чалавек і дзеля гэтага варта рабіць тое, што мы рабілі. Не бойцеся. Той голас, які гучаў на мітынгу, той страх, які адсутнічаў, — гэта і ёсць ваша зброя.

Актывістка распавяла, што напярэдадні акцыі ў Бабруйску ў сацсетках ёй пачалі дасылаць падазроныя лісты і фотаздымкі парнаграфічнага характару, а таксама пагрозы. Некаторыя пагрозы тычыліся  дачкі Галіны Смірновай. «Гэта запалохванне і ціск, але гэта стымулюе не ламацца», — адзначае яна.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя