Гамяльчане ўшанавалі памяць ахвяраў катастрофы на ЧАЭС



Каля трох дзясяткаў чалавек усклалі кветкі і вянок да чарнобыльскай каплічкі, якая знаходзіцца ў мікрараёне Валатава. Паводле прафсаюзнага актывіста Юрыя Рубцова, практычна ўсіх жыхароў Гомельшчыны можна лічыць пацярпелымі ад радыяцыйнага забруджання.

– Даніна памяці тым, хто загінуў у гэтай катастрофе. Толькі па гэтай прычыне прыйшоў. Таму што я і ўсе мае блізкія пацярпелі. У мяне сваякі былі адселены з вёсак. Думаю, што гэтая праблема актуальная і будзе актуальнай не толькі нашаму пакаленню, але і многім пазнейшым пакаленням.

Дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання Віктар Хоміч лічыць абуральным тое, што ў Беларусі не ўшанаваныя чарнобыльскія ліквідатары.

– І мне сёння сорамна за нашу краіну, за нашу ўладу, што яны нічога не зрабілі праз 31 год, каб такі мізер людзей, а іх не так многа, было каля 120 тысяч ліквідатараў, а зараз мы маем па апошніх звестках 56 тысяч, і нічога не зроблена для таго, каб гэтыя людзі адчувалі клопат дзяржавы.

Гомельшчына – найбольш пацярпелы рэгіён Беларусі ад катастрофы на ЧАЭС. У той ці іншай ступені каля 70% тэрыторыі вобласці забруджаныя радыёнуклідамі. 

Беларускае Радыё Рацыя