Гамяльчук выхоўвае ручное лісяня



Малады гамяльчук выхоўвае лісяня ў гарадской кватэры. Маленькі драпежнік трапіў да хлопца выпадкова.

WP_20160119_012

Аляксей Душкевіч збіраўся наведаць Гародню ў якасці турыста. А „Гарадзенскі заапарк” быў адным з аб’ектаў запланаванай вандроўкі. Перад падарожжам юнак прачытаў на Інтэрнэт-старонцы заапарка, што пры жаданні магчыма стаць гаспадаром лісяняці.

Аляксей Душкевіч:

– Я зайшоў неяк на сайт заапарка. Адкрыў раздзел „Крама”, у якім убачыў абвестку пра продаж лісяняці. Калі я гэта прачытаў, у мяне заняло мову ад захаплення, бо ліса — мой самы ўлюбёны звер з дзяцінства. Калі ўжо справа дайшла да афармлення дакументаў, я не верыў свайму шчасцю. Памятаю, як казаў супрацоўнікам заапарку: „Паглядзіце, якая яна ўсё-такі прыгожая і класная”. А яны мне ў адказ: „Бачым, што класная”.

10-месяцовая Ніколь – так назваў сваю любіміцу хлопец — амаль адаптавалася да ўмоваў гарадской кватэры. Хоць час ад часу ў кантактах чалавека і драпежніка здараюцца кур’ёзы.

WP_20160119_014

Аляксей Душкевіч:

– Ніколь не любіць заставацца адна. Калі яе ігнараваць нейкі час, то яна можа адпомсціць. Часам перагрызае драты ад тэхнікі. А ўвогуле яна любіць скакаць па мэблі.

WP_20160119_020

Аляксей Душкевіч рэкамендуе патэнцыйным гаспадарам лісянятаў развіваць у сабе цярпенне, паколькі працэс выхавання звера дастаткова складаны з-за гарэзлівага характару. Карміць лісяня рэкамендуецца кашамі і вараным мясам, бо сырое мяса з крывёй можа абудзіць у драпежніку звярыныя інстынкты.

WP_20160119_021

Супрацоўнікі заапарку на інтэрнэт-старонцы „Гарадзенскага заапарку” інфармуюць, што прыплод лісянятаў прадаецца ўлетку. Усе ахвочыя стаць гаспадарамі прыгожых драпежнікаў павінны браніраваць будучых гадаванцаў загадзя.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота і відэа: Мікола Бянько