Гамяльчук знайшоў старадаўнія рэчы ля абмялелых рэчак



Жыхар Гомеля знайшоў на абмялелых участках ракі Сож старадаўнія прадметы побыту.

WP_20160211_004 —

Камень з жорнаў, двухручная піла і купецкая гіра для вагаў – усе гэтыя знаходкі сабраў водны турыст Аляксандр Станкевіч падчас сваіх падарожжаў на байдарках у 2015 годзе. Аляксандр Станкевіч распавядае пра гісторыю адной са сваіх знаходак ля ўрочышча Хаткі, што знаходзіцца ў 15 іламетрах ад абласнога цэнтра.

Аляксандр Станкевіч:

– Пад самым левым берагам я заўважыў дзіўны прадмет, напалову пагружаны ў пясок. Мне адразу падалося, што гэта гіра. Развярнулі байдарку, каб падплыць бліжэй. Калі разглядзелі, аказалася, што гэта сапраўды вялікая гіра вагой у 32 кг. Але яна настолькі зарасла іржой, ракушкамі ўсякімі, глеем — нават рука ледзь пралезла ў гэтую дужку. Але потым мы выцягнулі яе на бераг, акуратна сякеркай адбілі тое месца, дзе звычайна на гірах пазначаецца вага. Мы вельмі здзівіліся, калі заўважылі, што замест кілаграмаў на гіры былі пазначаныя пуды.

Кляймо на гіры з пазначэннем „Два пуды” сведчыць пра тое, што знаходцы сама меней 100 гадоў. Таму што ў 1920-х гадах у Беларусі канчаткова замацавалася метрычная сістэма, пасля чаго на вагавых гірах пачалі пазначаць кілаграмы.

WP_20160211_002 —

Каля вёскі Юравічы на перасохлым участку ракі, які ў звычайныя гады знаходзіўся пад вадой, Аляксандр Станкевіч таксама знайшоў цікавую рэч.

Аляксандр Станкевіч:

– Трошкі ніжэй вёскі Юравічы, ля вядомага месца Павожбар, заўжды было глыбока. Ля самога берага звычайна вады было па шыю. А ў мінулым годзе з-за засухі ўтварыўся пясчаны пляж амаль да сярэдзіны ракі. Дык вось, паставілі мы на былым дне ракі свой намётавы лагер. Раніцай, калі абыходзіў мястэчка, знайшоў у пяску старадаўнюю пілу-двухручку. Даўжыня яе на 30-40 см большая, чымся ў пілаў, якія прадаюцца ў гаспадарчых крамах з 1950-х гадоў. Гледзячы на стан пілы, ёй таксама можа быць ля сотні год.

Знойдзеныя старадаўнія рэчы Аляксандр Станкевіч плануе перадаць у Старадарожскі музей. Некаторыя з артэфактаў, калі імі зацікавяцца гомельскія музейшчыкі, могуць трапіць у фонды мясцовых музеяў.

WP_20160211_001 —

З-за абмялення рэкаў і азёраў на Гомельшчыне ўсё часцей у рукі археолагаў сталі трапляць палеанталагічныя матэрыялы, прылады працы часоў Жалезнага веку і іншыя прадметы больш позніх эпох. Так, летам 2015 года ля вёскі Сеўрукі на беразе ракі Сож было знойдзенае судна. Барка даўжынёй у 30 метраў праляжала пад вадой больш за стагоддзе.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Мікола Бянько