Гарадзеншчына пашырае супрацоўніцтва з ААН (абноўлена)



Гародня стала першым горадам Беларусі, які наведаў спецыяльны цягнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Мерапрыемства прымеркавана да 70-й гадавіны ўплывовай міжнароднай арганізацыі. На цягніку ў горад над Нёманам прыехалі прадстаўнікі ААН, дыпламаты, беларускія парламентарыі і грамадскія дзеячы, якія на працягу дня прымуць удзел у шэрагу сустрэчаў, дыскусій, канцэртаў, выставаў і паказах фільмаў.

Як зазначае старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, Гародня не выпадкова стала першым горадам, які сустрэў экспрэс ААН:

– Гэта гістарычны цэнтр нашай краіны, і у нас рэалізуецца нямала праграм міжнароднага характару, у некаторых мы першапраходцы і напэўна гэта прызнанне.

Намеснік рэгіянальнага дырэктара Фонду народанасельніцтва ААН у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Карэн Дадуран:

– Мэта гэтай паездкі інфармаваць насельніцтва ў першую чаргу пра тыя мэты, якія мы будзем імкнуцца сумесна з урадамі ўсіх краін ажыццяўляць на працягу бліжэйшых 15 гадоў.

Галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч:

– Цягнік – гэта працяг нашага дыялогу, нашай размовы. У цягніку абмяркоўваецца 17 мэтаў, да якіх мы павінны прыйсці разам з дапамогай ААН.  

У межах святкавання 70-й гадавіны ААН у Гародні адбудзецца маштабная акцыя, прысвечаная здароваму ладу жыцця. Удзел у ёй прымуць вядомыя беларускія спартоўцы – чэмпіёны Еўропы, свету і алімпійскіх гульняў.

Была падпісана дэкларацыя прыхільнасці рэгіёна мэтам устойлівага развіцця.

Дакумент замацавалі подпісамі старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў і прадстаўнікі ААН, якія наведваюць горад у межах святкавання 70-й гадавіны заснавання арганізацыі.

Як зазначыў губернатар Гарадзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, дакумент пашырае магчымасці супрацоўніцтва з ААН на рэгіянальным узроўні:

– Я спадзяюся, што гэта дазволіць нам, гарадзенцам лепш зразумець, чым займаецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і яе партнёры.

Намеснік рэгіянальнага дырэктара Фонду народанасельніцтва ААН у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Карэн Дадуран:

– Супрацоўнічаем у такіх галінах, як здароўе, адукацыя, сацыяльнае забеспячэнне, пытанні распрацоўкі палітыкі ў галіне дэмаграфіі і палітыкі па народанасельніцтву.

Каардынацыйны камітэт па ўзаемадзеянні з глабальным фондам Ганна Ткачова:

– Праграмы дазволяць канкрэтна абазначыць тое, на што нам зараз неабходны грошы.

Гарадзенская вобласць рэалізуе супольныя праекты з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у такіх накірунках дзейнасці, як ахова здароўя і падтрымка здаровага ладу жыцця, дапамога інвалідам і прадухіленне ВІЧ – інфекцый насельніцтва. За сродкі ААН набываюцца таксама медыкаменты для лячэння нарказалежных людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня