Гарадзеншчыну наведвае дэлегацыя з Сопата



На Гарадзеншчыне з трохдзённым візітам знаходзіцца дэлегацыя польскага Сопата на чале з прэзідэнтам горада Яцэкам Карноўскім.

У межах супрацоўніцтва з непрызнаваным уладамі Саюзам палякаў госці з Польшчы сустракаюцца з прадстаўнікамі польскай меншасці, наведваюць гістарычныя мясціны і перадаюць дапамогу, сабраную на дабрачынныя ахвяраванні жыхароў Сопата.

Як зазначае старшыня Саюза палякаў Мечыслаў Яскевіч, такія кантакты з’яўляюцца істотнай падтрымкай для арганізацыі, дзейнасць якой на працягу дзесяці гадоў з’яўляецца ў Беларусі нелегальнай:

– Штогод у гэтую пару – перыяд святаў Божага Нараджэння і Новага года прыязджаюць. Для нас важна, што яны сустракаюцца з людзьмі. Была сустрэча Саюза палякаў горада Гародні, Васілішак, Радуні, Ваўкавыска.

Прэзідэнт Сопата Яцэк Карноўскі:

– Афіцыйнай супрацы да гэтага часу няма. Вядома, што гэтыя кантакты вельмі складаныя, палітыка не простая – напружаная сітуацыя паміж Беларуссю і Польшчай захоўваецца. Шкада, бо магло б быць іначай.

Радная горада Сопата Анна Лукасяк:

– Шчыра захопленая і ўзрушаная клопатам палякаў, якія падтрымліваюць тут польскасць.

Саюз палякаў на Беларусі ў межах шматгадовага супрацоўніцтва з Сопатам рэалізаваў шэраг праграм летняга дзіцячага адпачынку на польскай Балтыцы.

Штогод дзеці польскага паходжання з Беларусі дзякуючы падтрымцы мэрыі Сопата маюць магчымасць здзяйсняць аздараўляльныя паездкі ў адзін з самых прэстыжных курортных гарадоў Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня