Гарадзенскі фрымаркет сабраў каля дзясятка розных ініцыятываў



На гарадзенскім вольным кірмашы, што адбыўся ў адной з гімназіяў горада былі прадстаўлены розныя недзяржаўныя ініцыятывы: «Зялёны Гродна» прадставіў «Зялёны дазор», на стэндзе гарадзенскага дзіцячага хоспіса можна было набыць цацкі, якія зрабілі выхаванцы хоспіса. Апроч гэтага адбываўся фрымаркет, дзе можна было памяняцца рознымі рэчамі.

Пра тое, чым адметнае такое мерапрыемства распавядае адна з яго арганізатарак, асістэнт дырэктара «Універсітэта Залатога веку» Варвара Злобіна:

— Мы праводзім фрымаркет ужо не першы раз. Гэта вельмі папулярная міжнародная з’ява, калі людзі прыносяць свае рэчы: кнігі абутак, цацкі і мяняюцца імі, пакідаюць. Мэта мерапрыемства паспрыяць змяншэнню колькасьці непатрэбных пакупак, заашчадзіць грошы і проста часцей сустракацца. Гэтым разам мы вырашылі выйсці ў горад. Мы запрашалі людзей праз сацсеткі і гарадзенскія СМІ.

Адзін з удзельнікаў гарадзенскага фрымаркету:

— Такія вольныя кірмашы неабходныя: па-першае, гэта магчымасць пазбавіцца рэчаў, якія магчыма надакучылі, па-другое, гэта задавальняе патрэбу пагаварыць з сябрамі, пазнаёміцца з новымі.  

На сустрэчы можна было таксама атрымаць новыя веды на розных майстар-класах: па макіяжы і новых фрызурах, танцах і лепцы з пластыліну. Арганізатары спадзяюцца на тое, што падобныя кірмашы пройдуць і ў іншых навучальных установах горада.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня