Гарадзенскі музей побыту збіраюцца закрыць



Музей побыту, што знаходзіцца на вуліцы Лермантава ў Гародні, недалёка ад знакамітай Каложы, – пад пагрозай закрыцця. Гэты прыватны музей трымае калекцыянер і збіральнік даўніны Януш Паруліс, і ў красавіку 2016 года наступіў такі момант, што ўлады падвысілі арэндную плату за палову дома, у якой і знаходзіцца экспазіцыя. У гэтай экспазіцыі больш за 30 тысяч розных прадметаў, што складалі побыт гараджаніна ў ХІХ-ХХ стагоддзях, і аснову гэтай калекцыі складаюць зборы сям’і Парулісаў.

– Калі я пачаў плаціць арэнду за гэта памяшканне, было 875 тысяч. І вось за апошні месяц я заплаціў амаль 2,5 мільёны. Я пенсіі атрымліваю 2 мільёны 700 тысяч. Вось і лічыце, як мне самому жыць.

Збіральнік ужо неаднаразова звяртаўся па дапамогу да гарадскіх уладаў, ва ўпраўленне адукацыі і ўпраўленне культуры, каб паменшылі плату за арэнду памяшкання. Па словах Януша Паруліса, ён таксама шукае валанцёраў і спонсараў, якія смогуць дапамагчы з вырашэннем праблем гэтага музея.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня