Гарадзенскі “ЦэнтрСпас” просіць дапамогі



Пошукавы атрад з Гародні “ЦэнтрСпас”, які  дапамагае шукаць зніклых людзей, цяпер сам просіць дапамогі ў гарадзенцаў праз платформу Talaka.by. Валанцёрам патрэбна як тэхнічная, так і інфармацыйная дапамога. Больш падрабязна распавядае кіраўнік атрада  Яраслаў Струцінскі:

– У большай ступені патрэбны спецыялісты ў пошуку, а не фінансаванне. Бо датычна фінансавання будзе запускацца асобны праект. Зараз шукаем менавіта спецыялістаў і нейкіх гатовых рашэнняў, адпаведнага абсталявання, якое хтосьці мае, але не карыстаецца і мог бы перадаць яго атраду. Гэта і навігатары, і радыёстанцыі, і тэхніка, і генератары. Шмат патрэбна абсталявання, как атрад быў мабільным, эфектыўным. І важна, каб гэта абсталяванне было бяспечным для валанцёраў.

У атрадзе дзейнічае каля 20 валанцёраў, якія на працягу 2015 года знайшлі людзей рознага ўзросту – ад малых дзетак да людзей сталага веку, якія пайшлі са свайго дома. Падобныя атрады пад рознай назвай дзейнічаюць ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня