Гарадзенскім сябрам ТБМ паабяцалі беларусізаваць гарадскі транспарт



Да верасня абвяшчэнне маршрутаў аўтобусаў грамадскага транспарту Гародні будзе цалкам па-беларуску, апрача рэкламы. Так абяцаў намеснік аўтобуснага парку Дзмітры Буткевіч візіцёрам ад Таварыства Беларускай Мовы. Сябры грамадскага аб’яднання ўжо два гады змагаюцца за тое, каб абвесткі ў транспарце паўнавартасна і пісьменна гучалі па-беларуску.

Кажа Аляксандр Місцюкевіч:

– Сёння споўнілася два гады, як мы ходзім, каб у аўтапарку зрабілі па-беларуску назвы маршрутаў. Ужо два гады абяцаюць. Наведвалі аж чатыры разы. Кожны раз былі абяцанні: будзе зроблена, будзе зроблена. І вось дайшлі да сённяшняга дня. Раней казалі, што гэта доўга трэба рабіць, таму што трэба мяняць праграму, трэба рабіць не аднаму чалавеку, трэба запрашаць дыктара. Але раней гэта ўжо было.

Яшчэ адна заўвага да транспартнікаў, перадусім з тралейбуснага ўпраўлення, – замена на расейскую мову шыльдаў з раскладам руху на прыпынках. З гэтай негатыўнай тэндэнцыяй у найбліжэйшы час таксама плануюць пазмагацца сябры ТБМ.

1transpart u Hr

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя