Гарадзенскія экстрэмалы адзначылі дзень народзінаў свайго праекта чарговай гульнёй



У Гародні адзначылі 13-годдзе праекта экстрэмальных гульняў «Начны горад». Сёлета да гэтага мерапрыемства была прымеркавана адмысловая пешая гульня, якая адбывалася ў раёне Аўгустоўскага канала.

Распавядае аўтар гульні Аляксандр Віненка:

– Хацеў паказаць фарты, па якіх можна прайсціся, прабегчыся, пры гэтым разгадваючы загадкі. Гэта рэдкі тып гульні, якую плануеш загадзя. Каманды мусяць быць у добрай фізічнай форме.

Мікіта – капітан каманды-пераможцы:

Прычына нашага поспеху ў тым, што мы на першым узроўні выйшлі з натоўпу і адчулі сябе свабодней. Працавалі на аб’екце, кантактавалі між сабой, дзяліліся ідэямі. Вельмі спадабаўся ўзровень, дзе трэба было свяціць на лічбы пад пэўным вуглом. У выніку атрымліваўся партрэт. Гэта тэхнічна цяжкі ўзровень, але вельмі класны. Спадабалася, што ва ўсёй гульні быў захаваны баланс.

Каб адзначыць гэтую падзею, да гарадзенцаў завітала 17 камандаў з розных куткоў Беларусі. Пераможцам стала менская каманда пад назвай Т-9. Пасля заканчэння гульні ўсіх удзельнікаў чакала вялікая імпрэза з музыкай і ўручэннем прызоў і падарункаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня