Гарадзенскіх лекараў прымушаюць збіраць подпісы за Лукашэнку



Адміністрацыя гарадзенскіх паліклінік прымушае лекараў збіраць подпісы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі падчас прыёмаў і наведвання пацыэнтаў. Такія дзеянні з’яўляюцца парушэннем выбарчага заканадаўства, якое забараняе ажыццяўляць збор подпісаў на працоўных мейсцах. Аднак, не зважаючы на гэта, лекары вымушаныя збіраць подпісы пад пагрозай пазбаўлення прэміяльных выплатаў ці адпачынку ў летні перыяд.

Найбольшую колькасць подпісаў павінны сабраць участковыя тэрапеўты, якія маюць магчымасць наведваць хворых у хаце. Сярэдняя квота – 50 подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка Беларусі. Для наведвальнікаў медыцынскіх установаў факты парушэнняў заканадаўства не выглядаюць нечаканасцю:

– Назіраў збоку, не думаў, што гэта да такой ступені распаўсюджана. Абурэння не было, усе спакойна да гэтага аднесліся, аддалі пашпарты. Былі, канешне, недавольныя, але адкрыта ніхто не абураўся, бо баяліся. Такі час – крызіс, людзі баяцца згубіць працу.

На Гарадзеншчыне прымусова подпісы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі збіраюць не толькі лекары паліклінік. У падобнай сітуацыі апынуліся настаўнікі некаторых сярэднеадукацыйных установаў, студэнты, адміністрацыя прамысловых прадпрыемстваў, а таксама супрацоўнікі  сельскіх саветаў і кіраўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота ngs38.ru