Гарадзенскія валанцёры дапамагаюць знайсці згубленых людзей



Гарадзенцам, якія пайшлі з хаты і згубіліся, дапаможа валанцёрская дружына пад назвай “ЦэнтрСпас”.

spas4

За паўгады існавання добраахвотнікі дапамагалі шукаць людзей у горадзе і ў лесе, але колькасць людзей для пошуку вельмі абмежаваная. Валанцёрам можа стаць чалавек любога ўзросту і прафесіі. Добраахвотнікі-пошукавікі, а гэта некалькі дзясяткаў чалавек, знаходзілі людзей па розных кропках Гарадезншчыны: ў Лідзе, Азёрах ды іншых населеных пунктах.

Як стаць валанцёрам, які дапамагае ў пошуку людзей, распавядае камандзір пошукавай групы Яраслаў Струцінскі:

– Валанцёрам можа стаць любы чалавек, незалежна ад яго навыкаў, падрыхтоўкі, спецыялізацыі. У нас для кожнага ёсць праца, бо працы шмат. Гэта можа быць інфармаванне, вялікая частка нашай працы – гэта інфармаванне, гэта распаўсюд інфармацыі пра факт знікнення чалавека. Гэта сацыяльныя сеткі, гэта парталы навінаў, гэта падрыхтоўка матэрыялаў у сродкі масавай інфармацыі. Працы вельмі шмат. Праца можа быць па горадзе – расклейванне арыенцірвак. Гэта можа быць апытанне грамадзянаў, пошукі сведкаў. Гэта можа быць лясны пошук. Гэта можа быць пошук на ровары.  

Гарадзенскі “ЦэнтрСпас” актыўна супрацоўнічае з міліцыяй і МНС.

Тыдзень таму прадстаўнікі “ЦэнтрСпаса” і “ВелаГродна” абвесцілі пра стварэнне ініцыятывы “ВелаПатруль”, якая таксама дапаможа шукаць зніклых людзей па Гародні і Гарадзенскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя