Гарадзенцам прадставілі 3D Фары Вітаўта



Гарадзенцам, што вучацца на курсах «Мова Нанова» прадставілі 3D Фары Вітаўта – найбольшага гарадзенскага касцёла, які быў ўзарваны Саветамі 29 лістапада 1961 года. Гарадзенская Фара Вітаўта была пабудавана ўпершыню ў 1389 годзе ў выглядзе драўлянага касцёла ў часы Стэфана Баторыя напрыканцы XVI стагоддзя будынак стаў каменным. Праектам па стварэнні мадэлі займаўся Валер Маскевіч, які некалькі год таму скончыў інжынерна-будаўнічы факультэт Купалаўскага ўніверсітэта і ягоным захапленнем стала Фара Вітаўта.

Маладзён зацікавіўся праектаваннем яшчэ ў час вучобы, аднак, галоўным штуршком стаў выдадзены «Гарадзенскай бібліятэкай» дыск «50 год без Фары Вітаўта»:

— Для мяне Фара Вітаўта — галоўная архітэктурная дамінанта без яе Савецкая плошча, ці Рынкавая, ці Стэфана Баторыя, як яна некалі называлася, яна не адпавядае да канца значэнню слова «плошча», бо плошча — гэта тэрыторыя абмежаваная з 4 ці некалькіх бакоў будынкамі ці нейкімі насаджэннямі.

Фара Вітаўта для Валерыя Маскевіча стала справай жыцця. Ён ўжо напісаў магістарскую працу, якая звязана з гэтым помнікам. А заняткі курсаў «Мова Нанова», на якіх выступаў гарадзенец, насілі назву «Будаўніцтва» і навучэнцы падчас заняткаў складалі невялічкі слоўнік беларускага будаўніка.

Беларускае Радыё Рацыя