Гарадзенцам прадставілі “Школу супергерояў”



Гарадзенцы даведаліся пра арыгінальны праект “Школа супергерояў”, пра розныя цяжкасці і поспехі актывістаў урбаністыкі Менска. Кожны з прысутных на сустрэчы на прыкладзе кніжнага персанажа Тома Соера даведаўся пра тое,  як ствараць праекты, патрэбныя для грамадства, таксама пра метады даследавання гарадской прасторы.

Паводле Надзеі Ількевіч, аўтара і кіраўніка праекта, такія праекты можа ствараць любы жыхар Беларусі, і частка з іх ужо дзейнічае:

–  Гэта, па-першае, адукацыйны праект, накіраваны на развіццё гарадскога асяроддзя і матывацыю мясцовых жыхароў, каб яны самастойна ўдзельнічалі ва ўпарадкаванні горада, рэалізоўвалі свае ініцыятывы. Зараз гэта толькі Менск, дзе запланаваны былі 7 грамадскіх ініцыятыў: 6 – рэалізаваны, а сёмая – на этапе ўзгаднення ў Менгарвыканкаме.

Падчас сустрэчы, на якую прыйшло больш за два дзясяткі маладзёнаў з розных ініцыятыў горада, хлопцы і дзяўчаты змаглі на практыцы упэўніцца, якія праблемы цікавяць жыхароў Гародні і што зрабіць, каб іх вырашыць. Арганізатарамі спаткання было таварыства “Зялёная Сетка” разам з ініцыятыўнай групай “Варштат Ідэй”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня