Гарадзенцаў запрашаюць на дыскусію Festum Grodno



Festum Grodno – пад такой назвай у  гарадзенскай  арт-галерэі “Крыга” адбудзецца   дыскусія мясцовых гісторыкаў з жыхарамі горада над Нёманам. Размова пойдзе пра Першую сусветную вайну, а таксама  наступствы трагедыі сусветнага маштаба для Гародні і яе жыхароў. Будуць таксама закранацца тэмы гісторыі будаўніцтва гарадзенскай крэпасці. Як зазначае адзін з арганізатараў сустрэчы, гісторык Эдвард Дмухоўскі, тэмы Першай сусветнай вайны і  стогадовага юбілея акупацыі Гародні нямецкімі войскамі  абраныя для дыскусіі невыпадкова:

– Пераважна ўвага будзе звернута на нямецкі фотаздымак, дзякуючы якому мы  зараз можам вывучаць архітэктуру, этнаграфію, краявід Беларусі. Дзякуючы нямецкім салдатам, навукоўцам, якія мелі проста фотаапараты, фатаграфавалі, а пасля з гэтага рабіліся масавыя паштоўкі, мы можам сёння вывучаць, як выглядаў наш горад, нашыя мястэчкі і вёскі і як выглядалі нашыя людзі.

Дыскусію Festum Grodno ладзіць ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” супольна з Асамблеяй няўрадавых арганізацый. Сустрэча адбудзецца ў чацвер, 24 верасня. Пачатак у 18 гадзін 30 хвілін.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня