Гарадзенцы далучыліся да акцыі прыбірання смецця



Валанцёры з Гародні прынялі ўдзел у акцыі, якая адбывалася ў розных гарадах Беларусі пад назвай «Зробім». У лесе каля мікрараёна Вішнявец былі ўсталяваныя інфармацыйныя стэнды. Актывісты  прыбралі смецце, што сюды прыносяць мясцовыя жыхары.

Гэты лес ужо некалькі гадоў прыбіраюць прадстаўнікі ініцыятывы «Чысты лес для Вішняўца». Сёлета прадстаўнікі ініцыятывы павесілі шпакоўні і пілавалі дрэвы разам з гарадскім ляснічым. распавядае прадстаўніца Беларускага незалежнага прафсаюза Лізавета Мярляк:

— Гэтым разам мы вырашылі зрабіць так, каб гэты лес выглядаў больш як сацыяльны аб′ект і мы яшчэ збіралі подпісы пад зваротам у Кастрычніцкае РАУС з мэтай арганізаваць патруляванне міліцыяй у гэтым лесе.

Грамадскі актывіст Валерый Кісель:

— Тут, у Вішняўцы ёсць такая выдатная зона, якая захавалася яшчэ калі тут не было гораду. На жаль, мы бачым, што тут усё забруджана і не прыбіраецца. Мэта усёй гэтай акцыі — актывізаваць, у першую чаргу, жыхароў раёна.

 Удзельнікі акцыі:

—  Я лічу, што гэта вельмі патрэбна, каб ствараць камфортнае асяроддзе навокал нас, рабіць горад і лес чысцейшымі і тады, магчыма, і ўсе мы станем крыху чысцейшымі.   

— Лес дае нам кісларод таму мы прыбіраем лес, каб і жыццё было лепшым.

Акцыя  «Зробім» адбылася яшчэ ў некалькі кропках Гародні:  прыбіралі вайсковыя могілкі на вуліцы Белуша і лес на вуліцы Томіна. Апроч Гародні падобныя акцыі  таксама адбылася і ў іншых гарадах і вёсках Гарадзеншчыны: у Мастах, Астраўцы і гарадскім пасёлку Краснасельскі.

Беларускае Радыё Рацыя