Гарадзенцы паабяцалі не ўжываць алкаголю і наркотыкаў



У Гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы перад абразом  Божае Маці Неўпівальная Чаша ўрачыстае абяцанне не ўжываць алкаголю і наркотыкаў далі людзі, якія ў мінулым былі залежнымі.

alko

Падзея адбылася з ініцыятывы таварыства дапамогі алка- і нарказалежным, што дзейнічае пры Свята-Пакроўскім саборы. Як зазначае святар Павал Каспяровіч, ратуючы  лёсы такіх людзей праваслаўная царква паказвае грамадству сапраўдны шлях, які палягае на хрысціянскіх каштоўнасцях:

– Абет цвярозасці – гэта абяцанне перад Богам весці цвярозае жыццё. Але гэта магчыма толькі пры ўмове, што чалавек знаходзіцца ў актыўным пакаянным працэсе. Калі проста даць абет, а не падтрымліваць практычнымі дзеяннямі, то абет нічым не дапаможа.

На працягу апошніх пяці гадоў у гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы актыўна ажыццяўляецца прафілактычная праца з людзьмі, якія церпяць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці. На працягу года арганізоўваецца некалькі агульнагарадскіх мерапрыемстваў, прызначаных папулярызаваць здаровы лад жыцця. Адно з самых вядомых – “Марафон цвярозасці”, які адбываецца тры разы на год.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня