Гародня: дамы на Татарскай і Камбайнёрскай ідуць пад знос



Тры гады таму ў Гародні на вуліцы Татарскай і Камбайнёрскай адбылася буйная аварыя – прарвала цеплатрасу. Аварыя была такой магутнай, што некаторыя будынкі затапіла кіпнем ажно да вокнаў другога паверху. Зараз жыхароў дамоў, што жылі на месцы аварыі, перасялілі ў новыя дамы. Адным далі кватэры ў новым мікрараёне Альшанка, а іншым на вуліцы Пралетарскай, што ў кіламетры ад “затопленага раёна”.

Некаторыя жыхары яшчэ збіраюць свае пажыткі на месцы свайго былога жытла.

Кажа адна з жыхарак, што раней жыла на вуліцы Татарскай:

– Абмен у нас быў не раўназначны. За наш вялікі дом далі 2 кватэры. Цяпер збіраем тое, што пакуль не расцягнулі марадзёры. Што не атрымаецца сабраць – раздадзім знаёмым і суседзям.

Па словах былых жыхароў, вялікую частку пажыткаў паспелі расцягнуць бамжы і марадзёры. Некаторых марадзёраў нават затрымалі супрацоўнікі міліцыі. На месцы знесеных дамоў паўстануць новыя шматпавярховікі, якія ўжо ў хуткім часе пачне будаваць адна з будаўнічых фірмаў гораду.

Беларускае Радыё Рацыя