Гародня рыхтуецца да свята Вялікадня



Хрысціяне ўсіх канфесіяў у гэтую нядзелю ў храмах і за сямейнымі сталамі адзначаць сваё найвялікшае свята.

Вялікая Субота у грэка-каталікоў Гародні пачнецца з 10-ці гадзінаў раніцы, калі пройдзе вячэрня з літургіяй святога Базыля Вялікага. А вялікодная ютрань з літургіяй пачнецца а дзясятай гадзіне вечара.

У рыма-каталіцкай катэдры Святога Францішка Ксаверыя ў Вялікдзень пройдзе сем вялікодных службаў ад сёмай раніцы, на якой  цэлебраваціме біскуп гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, і да дзявятай вечара.

У найстарэйшым храме Гародні Каложскай царкве ўрачыстая літургія пройдзе а 9-00 гадзіне. Але папярэднічае ёй крыжовая працэсія, пасхальная ютрань, якія пройдуць а другой гадзіне начы.  

А з нуля гадзіны Нядзелі ў праваслаўным Свята-Пакроўскім саборы пройдзе крыжовая працэсія з літургіяй святога Яна Златавуснага, якія адслужыць архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Лютэранская царква Яна Хрысціцеля мае ў Вялікдзень урачыстую службу а 10-й гадзіне раніцы.

Свята ідзе па розных пляцоўках і не толькі у храмах: Гарадзенскае дабрачыннае таварыства праваслаўных праводзіць конкурс, які будзе доўжыцца да 22-га красавіка пад назвай „Вялікодная Вясёлка”. Конкурс ідзе па намінацыях:  вялікодны куліч, вялікоднае яйка, фатаздымак сэлфі: Вялікдзень у нашай сям’і. Да ўдзелу запрашаюцца сем’і незалежна ад веравызнання. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя