Гаспадарскі падыход: пераправа праз Лясную



Лета выдалася спякотнае, а значыць не асабліва ўрадлівае на травы ды кукурузу. Сельскагаспадарчае прадпрыемства з Камянецкага раёна, не нарыхтаваўшы дастаткова корму на асноўных сваіх землях, вырашыла дабрацца на правы бераг ракі Лясной, насупраць вёскі Зянькі, на поплаў з высокай травой.

Раней у кіламетры ад Зянькоў быў калгасны драўляны мост, які забяспечваў пад’езд да сенакоса. Мост даўно разваліўся, а будаваць новы прадпрыемства “Агра-Зарэчча”, якое стала спадкаемцам калгаса, не спяшалася. У тым ліку і тады, калі змяніла ў 2012 годзе ўласніка, пасля выкупу кантрольнага пакету акцый кампаніяй “ІНКО-ФУД”.

Як пераказваюць вяскоўцы, новыя гаспадары шукалі розныя шляхі, каб трапіць на іншы бераг. Будаўніцтва новага маста адкінулі адразу як дарагі шлях. Пантонны мост ля вёскі Бабічы таксама не рэалізаваўся ў жыцці. Лягчэй і танней за ўсё было проста наладзіць пераправу ўброд, не клапоцячыся пра экалагічнасць такога метаду.

Цяпер жыхары вёскі назіраюць проста ля сваіх агародаў карціну, якую можна бачыць на здымках: разварочаны бераг, змененае русла ракі, для нейкіх мэт у розных месцах зняты верхні слой зямлі, горы глебы, камянёў і прывезенага з камянямі смецця. Пагаспадарылі, адным словам, у водаахоўнай зоне, куды, згодна з заканадаўствам, лішні раз тэхнікай і пад’язджаць нельга.

Беларускае Радыё Рацыя