Гаворыш па-беларуску – маеш зніжку



Гарадзенская “Цудоўня” – крама,  дзе можна набыць розныя сувеніры з беларускай сімволікай, цацкі і біжутэрыю з арнаментам, – пачала акцыю “Размаўляй па-беларуску – атрымаеш зніжку”.

Гэтая прастора ўжо стала месцам правядзення розных сустрэчаў: тут ладзяцца “Гістарычныя аўторкі” і прэзентацыі розных кніг. Акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаюць 21 лютага. Пра акцыю зніжак распавядае яе ініцыятар Андрэй Несцяровіч:

– Дзень роднай мовы ва ўсім свеце – гэта насамрэч адметны дзень. Мы жывём у гэтым, таму ніяк не можам прайсці міма. Таму робім акцыю: кожны, хто прыйдзе да нас у краму і будзе размаўляць па-беларуску, атрымае зніжку 10% на ўсе вырабы “Цудоўні”. А ўвечары плануем зрабіць пасядзелкі з гарбатай і печыўкамі для тых, хто хоча далучыцца да агульнага свята.

Плануецца, што 21 лютага ў Дзень роднай мовы да гарадзенцаў у “Цудоўню” завітае беларускі паэт, шоўмен і вядоўца Алесь Плотка, які прадставіць сваю новую кнігу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня