Генадзь Фядыніч: Ім сорамна прызнаць сваю памылку



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў, ці “ачалавечаць” дэкрэт аб “дармаедах” змяненні, якія плануюць прыняць.

Змяненні ў дэкрэт аб “дармаедах” сфармулююць да 1 красавіка. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прапануюць пашырыць пералік катэгорый тых, каго вызваляць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

З ліку “дармаедаў” хочуць выключыць прызыўнікоў тэрміновай і альтэрнатыўнай вайсковай службы, жанчын, якія знаходзіліся пад медыцынскім наглядам падчас цяжарнасці і родаў, студэнтаў дзённай формы навучання ў год паступлення і заканчэння навучальнай установы, а таксама грамадзян, якія знаходзіліся на псіханеўралагічным дыспансерным уліку.

Ад падатку, як плануецца, таксама вызваляць тых, хто валодае зямельным участкам незалежна ад яго мэтавага прызначэння і месцазнаходжання.

Генадзь Фядыніч: Гэта дэкрэт наогул не трэба “ачалавечваць”, яго трэба адмяняць. Сёння ўжо дэпутаты “заклапаціліся” пра людзей, пачалі распавядаць, што некаторыя пункты дэкрэта няправільныя. А дзе былі тыя самыя дэпутаты, калі людзі са слязьмі хадзілі па чыноўніках, аплочвалі штрафы? І я скажу, дзе яны былі – сядзелі ціхенька пад венікам і маўчалі, каб не наклікаць бяду на сябе з боку вышэйшай улады. Хто адкажа за тое, што людзей, якія выступілі супраць гэтага ганебнага дэкрэта, пачалі кідаць за краты? Чаму пра гэта не кажуць? І ўвогуле, я не веру, што яны зробяць такія папраўкі ў дакумент, што адразу ж ашчаслівяць народ. Вельмі позна ўсё робіцца, бо гэта трэба было рабіць некалькі месяцаў таму. А зараз у народа ўжо зусім іншыя патрабаванні. Улада сама сфарміравала іх. 

РР: А чаму дэпутаты раптам заспявалі іншыя песні?

Генадзь Фядыніч: Галоўны начальнік выказаўся, што дэкрэт не дасканалы, і ўсе ў адзін голас падхапілі. Ім жа галоўнае – з хору не выбіцца. Што, нардэпы не маглі самастойна дэкрэт разглядзець? Маглі, але не захацелі. А зараз хочуць захаваць твар, якога ўжо няма. Выдаюць змяненні ў дэкрэт, як нейкае ўласнае дасягненне, сваю ініцыятыву, хаця ўсім вядомы кошт іх ініцыятыўнасці. Гэта ганьба, каб быццам бы народныя абраннікі, так “любілі” свой народ.

РР: Улада магла б пайсці і на поўную адмену дэкрэта, а не толькі на змены…

Генадзь Фядыніч: Яна ніколі на гэта не пойдзе, бо ўладзе сорамна прызнаваць свае памылкі. Зрэшты, пра які сорам ідзе размова?.. Яго проста няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя