Гільзы ад снарадаў ахоўваюць выбарчы ўчастак



На тэрыторыі Слонімскага раёна ўтворана 49 участкаў для галасавання. Усе яны ў асноўным будуць знаходзіцца ў клубах і школах. А Хадзявіцкі ўчастак для галасавання № 31 месціцца ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце.

IMG_1479

Справа ў тым, што жыхарам вёскі Хадзявічы больш няма дзе галасаваць. На працягу апошніх 20 гадоў у вёсцы ліквідавалі клуб, бібліятэку, закрылі школу, якая знаходзілася ў вялікім цагляным двухпавярховым будынку. Застаўся толькі фельчарска-акушэрскі пункт. Але і ён цяпер месціцца ў звычайнай хаце былога вяскоўца Рыгора Важэйкі, які ўжо даўно памёр.

Пасля вайны жыхар вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна Рыгор Важэйка пачаў будаваць сабе новую хату. Збудаваў яе хутка, а дах вырашыў накрыць гільзамі ад снарадаў. Гэтых гільзаў пасля вайны ў мясцовым лесе валялася даволі шмат. Вясковец запрагаў каня і ехаў у лес. Там ён знаходзіў гільзы ад снарадаў, збіраў іх і прывозіў дамоў. Потым браў зубіла і штодня высякаў роўненькія кавалачкі металу, малатком выпростваў іх, і… накрываў дах сваёй хаты, веранду і хлеў.

Цяпер у хаце пад гільзамі ад снарадаў мясцовая фельчарка лечыць людзей. А 11 верасня  вяскоўцы прыйдуць сюды галасаваць. Таму ў вёсцы жартуюць: наш выбарчы ўчастак пад гільзамі снарадаў самы надзейны ў Беларусі.

IMG_1480

IMG_1482

IMG_1483

IMG_1484

IMG_1485

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.